14 лістапада ў Мінску ў памяшканні сярэдняй 181-й школы адбылося выяздное пасяджэнне адміністрацыйнай камісіі Маскоўскага раёна, паведамляе "Новы час". На ёй чыноўнікі з міліцыянтам разглядалі справу непаўналетняга актывіста Іларыёна Трусава, якога міліцыя заўважыла на акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі шостага кастрычніка.  

Сяргей Ціханоўскі. Фота "Нашай Нівы" На youtube-блогераў, якія актыўна заклікаюць прыняць удзел у акцыі пратэсту 15 лістапада на Кастрычніцкай плошчы, распачаўся ціск.

Два папярэджанні ў адзін дзень вынеслі назіральніку кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксею Лойку, піша "Новы Час". Ён назірае на выбарчым участку №390 і з’яўляецца доўгатэрміновым назіральнікам па Мінскай-Заходняй акрузе №102. У трэці дзень датэрміновага галасавання ўчастковая камісія №390 вынесла яму папярэджанне за фатаграфаванне канцэрту ў калідоры школы. Канцэрты арганізоўваюцца з пачатку датэрміновага галасавання. Фотаздымак быў размешчаны на сайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Аднак назіральнік зрабіў яго ў калідоры школы, а не на тэрыторыі ўчасткаў. А ў першы дзень датэрміновага галасавання Аляксея запрашалі нават з участку паглядзець на гэты канцэрт.

Як паведаміў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Алесь Капуцкі, у інтэрнаце Маладзечанскага завода лёгкіх металаканструкцый вісяць абвесткі з заклікам прыняць "актыўны ўдзел у выбарах". Акрамя таго, просяць прагаласаваўшых адзначыцца ў вахцёра. 

Акцыя на плошчы Свабоды 8 лістапада Праваабаронцам стала вядома, што некаторых беларускіх актывістаў на 15 лістапада выклікаюць у пракуратуру. 

Сяргей Альшэўскі. Фота з сацыяльных сетак. Кандыдат у дэпутаты па Нёманскай выбарчай акрузе №56  ад партыі АГП Сяргей Альшэўскі звярнуўся ў аддзел унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама з заявай аб тым, што на адным з участкаў для галасавання адзін член сям’і атрымаў бюлетэнь за другога члена сям’і і прагаласаваў.

На ўчастку №51 Віцебскай-Чкалаўскай акругі 18 старшыня камісіі Наталля Буйко забараніла здымкі пасля таго, як назіральніца Ірына Траццякова сфатаграфавала пратакол галасавання.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прэзентавала вынікі другога этапу маніторынгу асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года. “Падыход дзяржаўнага тэлебачання да асвятлення выбараў змяніўся літаральна ў апошнія дні. Цяпер эфірны час, прысвечаны асвятленню выбараў, значна павялічыўся. Але не стала больш інфармацыі пра кандыдатаў, іх праграмы. Галоўны пасыл гэтых матэрыялаў  — трэба галасаваць. Тэлебачанне маўчала ўсю агітацыйную кампанію, але як толькі пачаўся этап датэрміновага галасавання, дзяржаўныя тэлеканалы ўключыліся", — адзначыў характэрную рысу асвятлення выбарчай кампаніі ў дзяржаўных медыя старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец.

Мы працягваем збіраць выпадкі і паведамленні пра прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні па ўсё краіне  - як студэнтаў, так і работніках дзяржаўных прадпрыемстваў. Вось такая "разнарадка" была разаслана па дзяржпрадпрыемствах Полацку. "За своечасовае прадстаўленне інфармацыі кіраўнік нясе персанальную адказнасць", - паведамляецца ў лістах, які даслалі тэлеграм-каналу "Беларусь головноо мозга".

Скаргі Юрыя Мельнікава, які вылучаўся па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 і быў зняты камісіяй з выбарчай гонкі, разглядзела Цэнтральная выбарчая камісія і Віцебскі абласны суд. Нагадаем, начальнік сектара кадравай і прававой работы філіяла "Ваенсервіс" РУП "Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны” Юры Мельнікаў адразу не быў зарэгістраваны АВК з-за недакладнасці подпісаў. Пасля абскарджання ў абласную камісію ён адзіны, хто быў усё ж зарэгістраваны па рашэнні гэтай камісіі. Аднак 4 і 5 лістапада на яго перадвыбарчы выступ у АВК паступілі скаргі ад дырэктаркі яго прадпрыемства Ларысы Шыраковай і калектыва супрацоўнікаў, дзе яны скардзіліся на нібыта ілжывую інфармацыю, якую распаўсюдзіў кандыдат. На падставе гэтых скаргаў акруговая выбарчая камісія вынесла два папярэджанні Юрыю Мельнікаву, а на падставе гэтага Віцебская абласная камісія вырашыла адмяніць ягоную рэгістрацыю ў якасці кандыдата.