Мікалая Саляніка, якога забралі з будынку Гарадзенскага абласнога суда людзі ў маскамі на тварах, цэлую ноч утрымлівалі ў РАУСах і ІЧУ.  Нягледзячы на тое, што Салянік з'ўяляецца інвалідам другой групы і ў яго хворае сэрца.

Як стала вядома днём 22 студзеня "Гарадзенскай Вясне", за апошнія суткі актывісту ажно тры разы выклікалі хуткую дапамогу: спачатку ў будынак суда, затым у РАУС Ленінскага раёна, куды яго даставілі пасля затрымання, і трэці раз ужо пазней у ізалятары, дзе яго пакінулі на ноч. Ранкам яго завезлі зноў у РАУС Кастрычніцкага раёна, куды прыехаў суддзя і асудзіў яго па артыкуле за дробнае хуліганства на 15 базавых велічынь.

"Я ім казаў, што не ўзяў усіх лекаў, якія мне трэба піць, – тлумачыць Мікалай Салянік. – Бо я, як інвалід другой групы, не мог сабе ўявіць, што мяне закрыюць у ІЧУ ў парушэнне заканадаўства. Але і гэта не падзейнічала. У мяне не было харчавання. Я не мог спаць, бо мяне увесь час перамяшчалі з месца на месца, мне рабілася некалькі раз кепска, і тады выклікалі хуткую. Але не адпусцілі. Напачатку мяне завезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна. Пасля ў РАУС Ленінскага. Як прайшло тры гадзіны пасля затрымання, я настойваў, каб мне хоць бы растлумачылі, што яны робяць, бо далей утрымліваць мяне незаконна. Але не адпусцілі. Як мяне прывезлі ў ІЧУ, я зноў сказаў, што гэта незаконна. Там доўга разбіраліся, відаць не хацелі мяне браць. Але каля трох ночы, відаць, ім прывялі добрыя аргументы, чаму мяне трэба закрыць у ІЧУ. А ўжо ў сем ранку павезлі ў Кастрычніцкі РАУС, куды і прыехаў суддзя. А я ўжо быў без сілаў, і памятаю, што пакаралі мяне яшчэ на 15 базавых у дадатак да 45 ранейшых. Моцна ў нас караюць за любоў да радзімы!"

Нагадаем, што Мікалая Саляніка забралі з будынку Гарадзенскага абласнога суда, дзе быў разгляд яго скаргі на рашэнне Кастрычніцкага суда Гародні, які асудзіў яго за акцыю “За Незалежнасць” на 45 базавых велічынь штрафу. У судзе Салянік прыкаваў сябе ў знак пратэсту ланцугом да стойкі, абвесціў галадоўку, пакуль не будзе справядлівага суда. Адтуль яго забралі людзі з маскамі на тварах пасля таго, як ланцуг перакусілі адмысловай прыладай супрацоўнікі МНС.

Зараз Мікалай Салянік на волі.

Крыніца: Саляніка ўтрымлівалі ўсю ноч у ізалятары і РАУСах, а раніцай асудзілі за "хуліганства"