Як паведаміла праваабаронцам "Вясны" журналістка "Новага Часу" Дзіяна Серадзюк, на яе склалі новы адміністрацыйны пратакол па ч.3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у снежанькіх антыінтэграцыйных акцыях. Новы суд прызначаны на панядзелак, 27 студзеня ў 11:00 у судзе Першамайскага раёна г. Мінска. 

Нагадаем, 10 студзеня ўжо быў суд над Дзіянай Серадзюк, але суддзя Максім Трусевіч тады адправіў справу на дапрацоўку ў Першамайскі РУУС для “ліквідацыі недакладнасцяў”. На тым судовым паседжанні супрацоўнік АМАПу Віталь Івашка сцвярджаў, што бачыў, як Серадзюк ўдзельнічала ў акцыі 20 снежня з 18:00 да 18:40 на Кастрычніцкай плошчы, але ў гэты час журналістка была зусім у іншым месцы. На судзе былі прад'яўленыя доказы гэтаму.

"Відаць, такі загад: не спускаць вернутыя на дапрацоўку справы, а даводзіць да канца. Так, я ведаю, што дапрацавалі справу Лявона Баршчэўскага. Што да майго новага разгляду, я атрымала па пошце новы пратакол, у якім напісана, што 20 снежня я прымала ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ўжо з 21 да 21:30. З'явіўся ў маёй справе і новы сведка — міліцыянт Сяргей Астаф'еў, які бачыў мяне там. Адметна, што мінулыя двое сведак — АМАПаўцы Віталь Івашкоў і Вадзім Шайко — у новых сваіх тлумачэннях заявілі, што "памыліліся і абазналіся", калі сцвярджалі, што бачылі мяне з 18 да 18:40 на Кастрычніцкай плошчы. Але цяпер яны ўжо дакладна ўпэўненыя, што мяне бачылі. І мне вельмі цікава, як суд расцэніць такія паказанні з улікам таго, што гэтыя двое давалі падпіску аб адказнасці за дачу ілжэсведчанняў", — каментуе новы суд Дзіяна Серадзюк.

Рэпартаж з суда, дзе судзілі журналістку “Новага Часу”, дэпутата незалежнасці Беленькага, Юрыя Губарэвіча і іншых

Як праходзілі суды над людзьмі, якія рэалізоўвалі свае правы на мірныя сходы? Што казалі сведкі, якія сведчылі супраць іх? Якая атмасфера была ў судзе? Пра гэтае і іншае — ў рэпартажы “Вясны” з суда Першамайскага раёна г. Мінска.

Крыніца: "Памыліліся і абазналіся". Над журналісткай "Новага Часу" прызначаны новы суд