Аўторак, 04 Жнівень 2020

Аляксандра Якушкова зьмясьцілі ў ІЧУ адседжваць неадбытыя «суткі»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Якушкоў на мітынгу ў падтрымку Ціханоўскай Якушкоў на мітынгу ў падтрымку Ціханоўскай

Віцебскі актывіст «Народнай Грамады» і валянтэр каманды Ціханоўскай Аляксандар Якушкоў быў затрыманы 4 жніўня і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. За кратамі ён мусіць правесьці 8 сутак арышту, якія яму прысудзілі за ўдзел у перадвыбарчых пікетаваньнях і якія ня далі адбыць напоўніцу да выбараў. Пра гэта паведаміў «Віцебскай Вясьне» паплечнік Якушкова Алег Паўлаў.

«Некалькі дзён да гэтага Аляксандра пільнавалі перад домам міліцыянты, у прыватнасьці знаёмы ўсім актывістам супрацоўнік міліцыі Праліч. Аляксандар ведаў, што, як толькі выйдзе з дому, яго затрымаюць. І не захацеў хавацца ды бегаць ад іх. Гэта ягоны сьвядомы выбар. Паводле маіх падлікаў, зь ІЧУ ён выйдзе цяпер толькі 12 жніўня», – сказаў Алег Паўлаў.

Аляксандра Якушкова некалькі разоў кідалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня паводле пастановаў віцебскіх судоў (10 і 12 сутак), але цалкам адбыць прызначанае пакараньне так і ня далі. Як мяркуе Паўлаў, міліцыянты знарок адцягвалі выкананьне пакараньня аж да перадвыбарнага тыдня, каб «нэўтралізаваць» актывіста на час выбараў.

Нагадаем, 3 жніўня «ўзнавілі» адкладзены раней арышт і ў дачыненьні да актывіста Ўладзімера Кійко. Раней былі затрыманыя і зьмешчаныя ў ізалятары актывісты з Наваполацку і Воршы Андрэй Зуеў, Артур Сінега, Аляксандар Андрэеў і Генадзь Ларыёнаў (раней былі пакараныя на 15 сутак арышту).

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.