Чацвер, 02 Ліпень 2020

Аляксандра Якушкова асудзілі яшчэ на 12 сутак арышту. Судзьдзя – Белавус

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Аляксандар Якушкоў. Фота: racyja.com Аляксандар Якушкоў. Фота: racyja.com

Актывіст «Народнай Грамады» Аляксандар Якушкоў 1 ліпеня меўся выйсьці на волю зь віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе адбываў 10 сутак арышту паводле пастановы суду Кастрычніцкага раёну ад 9 чэрвеня. Але ў дзень вызваленьня яго таемна асудзілі на чарговыя «суткі». На паседжаньне не пусьцілі нават жонку затрыманага.

Паводле віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай, якая таксама ня трапіла ў судовую залю, але вяла стрым з будынку суду Кастрычніцкага раёну, справу Якушкова разглядаў праз скайп судзьдзя Ільля Белавус. Ахвотных прысутнічаць на паседжаньні ў якасьці слухачоў, у тым ліку жонку Якушкова Людмілу, не прапусьцілі ў залю супрацоўнікі МУС у цывільным.

Па словах Янушкоўскай, паседжаньне цягнулася каля двух гадзінаў. Да гэтага Якушкоў хадайнічаў, каб у працэсе ўдзельнічаў абаронца. Але падчас перапынку заключыць дамову з адвакатам не пасьпеў. Бараніць актывіста ягонай жонцы не дазволілі.

У чым канкрэтна вінавацілі Аляксандра Якушкова, пакуль таксама невядома. Алена Янушкоўская мяркуе, што яго судзілі за пікетаваньне 7 чэрвеня. Паводле блогеркі, на актывіста заведзеная яшчэ адна адміністрацыйная справа паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП – за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня.

Пра рашэньне суду Кастрычніцкага раёну стала вядома ад жонкі Аляксандра Якушкова. Спадарыня Людміла паведаміла, што судзьдзя Белавус прызнаў ейнага мужа вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і прысудзіў яго да адміністрацыйнага арышту на 12 сутак.

Аляксандар Якушкоў знаходзіцца зараз у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.