Суд Першамайскага раёну Віцебску не задаволіў скаргу сябры партыі КХП БНФ Пётры Сарапені на рашэньне Першамайскай адміністрацыі аб забароне пікету за байкот выбараў. Скаргу разглядала намесьніца старшыні суду Вольга Ільлюшонак. На пачатку паседжаньня Сарапеня заявіў хадайніцтва, каб працэс вёўся на беларускай мове. Судзьдзя адмовіла. Маўляў, мовамі судовых паседжаньняў у нашай краіне зьяўляюцца дзьве – руская і беларуская.

 

Давераная асоба гарадоцкага кандыдата ў дэпутаты Леаніда Аўтухова Кастусь Мардзьвінцаў накіраваў скаргу ў суд Чыгуначнага раёну Віцебску на рашэньне Віцебскага райвыканкаму аб забароне агітацыйнага пікету ў вёсцы Буяны. Кастусь Мардзьвінцаў 6 верасьня апавясьціў райвыканкам аб сваім намеры як даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Віцебскай сельскай выбарчай акрузе №21 зладзіць 10 верасьня пікетаваньне ў вёсцы Буяны Віцебскага раёну. Але ўжо на наступны дзень атрымаў паперу з адмовай у правядзеньні пікету.

 

11 верасьня прайшла сустрэча з выбарцамі кандыдата ў дэпутаты парлямэнту па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксея Гаўруцікава. У сустрэчы, якая ладзілася ў актавай залі віцебскай СШ № 45, бралі ўдзел ягоныя давераныя асобы Аляксандар Мілінкевіч, Алена Фаміна і Сяргей Парсюкевіч. Ролю вядоўцы выконваў яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты - Хрыстафор Жаляпаў.

 

У чацьвер 6 верасьня на віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду, які на рагу “сіняга дому” на вуліцы Леніна ў Віцебску распаўсюджваў незалежную прэсу, быў складзены адміністрацыйны пратакол. Хамайду абвінавацілі ў тым, што ён парушыў грамадзкі парадак, схапіўшы за руку загадчыцу прадуктовай крамы “Веста”.

 

Кандыдата ў дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18 Аляксея Гаўруцікава выклікалі ў РАУС Першамайскага раёну Віцебску і вярнулі рэчы, канфіскаваныя 30 жніўня падчас вобшуку аўтамабіля, на якім ён вяртаўся зь Менску: “Учора, 4 верасьня, мяне запрасілі на размову ў Першамайскі РАУС Віцебску. Маёр міліцыі Сяргей Касаткін паведаміў, што рэчы ў мяне былі канфіскаваныя незаконна, і вярнуў мне іх. Вярнулі і “Народную праграму”, і дыскі дачкі Алісы, і дакумэнты кандыдаткі Алены Фаміной.