Цягам дня палітыкі мелі дзьве сустрэчы зь віцебскай грамадзкасьцю.
Першая сустрэча прайшла ў арт-цэнтры «Сьцяна». Там адбыўся круглы стол, прысьвечаны сёлетнім парлямэнцкім выбарам. Сваімі думкамі наконт важнай палітычнай падзеі падзяліліся грамадзкія дзеячы Анатоль Гнеўка, Ёсіф Навумчык, партыйныя актывісты ды магчымыя кандыдаты ў дэпутаты Лідзія Сагідуліна і Алег Квяцінскі.
На другую сустрэчу, што адбылася ўвечары ў бізнэс-цэнтры «Капітал», лідэры кампаніі «Гавары праўду» крыху спазьніліся, калі ж яны нарэшце зьявіліся перад прысутнымі, заля вітала іх дружнымі воплескамі.
Свой выступ Тацьцяна Караткевіч распачала з тлумачэньня пазыцыі адносна той міжнароднай палітыкі, якую мусіць праводзіць будучае кіраўніцтва дэмакратычнай Беларусі. У нашых варунках гэта мусіць быць палітыка «адказнага добрасуседзтва», што дапускае спрыяльныя стасункі з усімі краінамі-суседкамі. У тым ліку і зь дзяржавамі Эўразьвязу. Толькі за апошнія два дні палітык сустрэлася з прадстаўнікамі Чэхіі, Славаччыны, Польшчы, Вугоршчыны, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі. Усе яны выказалі вялікую зацікаўленасьць у дэмакратычным разьвіцьці Беларусі.
Але, як мяркуе Караткевіч, сваё стаўленьне да будучыні краіны найперш мусяць сказаць самі беларусы. На яе думку, нельга ўсё зводзіць выключна да геапалітыкі. Надышоў час, калі грамадзяне абавязаныя стаць важкім палітычным чыньнікам. А ні палітыка санкцыяў, ні патрабаваньні МВФ ня ў стане паўплываць на ўладу гэтак, як кансалідаваная пазыцыя грамадзтва. Мабілізацыі ж грамадзтва спрыяе, апроч іншага, няўзважаная палітыка ўлады, якая замест эканамічных рэформаў падвышае камунальныя тарыфы, уводзіць новыя падаткі, памяншае заробкі, вырашаючы эканамічныя праблемы за кошт зьбядненьня насельніцтва. Уводзячы абмежавальныя меры, улада забывае, што яны павінны суправаджацца сацыяльнай адказнасьцю дзяржавы перад людзьмі. Перш чым звольніць працаўніка, трэба гарантаваць яму годную дапамогу па беспрацоўі і надзейную сыстэму перакваліфікацыі.
Зыходзячы з сытуацыі, што склалася ў краіне, Тацьцяна Караткевіч лічыць, што ў працэсе будучай парлямэнцкай кампаніі дэмакратычныя кандыдаты будуць абавязаныя казаць пра неабходнасьць эканамічных рэформаў, бо толькі іх правядзеньне дасьць магчымасьць глядзець у будучыню з надзеяй.
Андрэй Дзьмітрыеў пачаў сваю прамову з асабістай ацэнкі падзеяў, якія адбываюцца цяпер у краіне. У прыватнасьці, ён адзначыў, што існуе дзьве Беларусі. Адна, дзе жывуць людзі, якія адчулі невялікае пагаршэньне свайго становішча. Адчулі, але не настолькі, каб пачувацца дыскамфортна, наведваючы краму ці аптэку. І гэтыя людзі ў асноўным – намэнклятура. Парадаксальным чынам яна паляпшае свой дабрабыт – у той час, калі жыцьцё пераважнай большасьці беларусаў пагаршаецца.
Разам з тым ёсьць іншая Беларусь, якая сярод самых танных пяльменяў шукае тыя зь іх, якія на зьніжках. Беларусь, пазбаўленая ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Аднак у гэтай Беларусі існуе адна важкая праблема – яна маўчыць. Яна спадзяецца, што вернецца добры кіраўнік, які забясьпечыць добрыя заробкі, што ўсё вернецца. Такім людзям трэба сказаць, што нічога ня вернецца. Яшчэ пяць гадоў таму ўлады ведалі, што складаныя часы надыдуць, але нічога не зрабілі, каб стварыць сыстэму сацыяльных гарантыяў для тых, хто згубіць працу. Дзе тыя крызысныя мэнэджэры, якія мусілі за год да звальненьня сказаць працаўніцам КІМу, што іх прадпрыемства ня здольнае выжыць? Дзе плян рэфармаваньня, які мусіў быць задзейнічаны? Але разам з гэтымі пытаньнямі ёсьць і іншае пытаньне: Чаму звольненыя жанчыны маўчаць?
Сёньня дзяржава дае нам пасыл: мы ўсё робім правільна – значыць у эканамічным крызысе вінаватыя вы самі.
Паўстае пытаньне: Што ў цяперашнім становішчы мы з вамі можам зьмяніць?
Першае: аб'ядноўвацца, зьмяняцца і гаварыць. Ня факт, што нас адразу пачуюць, але гэтаму будзе спрыяць становішча ў эканоміцы.
Другое: прапаноўваць грамадзтву іншыя варыянты дзеяньня. Нават сёньня яшчэ можна рэфармаваць і ўратаваць частку заводаў, нягледзячы на тое, што чынавенства мае жаданьне іх збанкруціць, бо чакае іх наступнай прыватызацыі за адну базавую велічыню.
І трэцяе: сёлета адбудуцца выбары, якія даюць нам магчымасьць выйсьці і сказаць: «Ёсьць адказ на пытаньне: Хто, калі ня ён ці не яны?». Трэба нарэшце зразумець, што мы з вамі жывём якраз насуперак той палітыцы, якую гэтая ўлада цяпер праводзіць. Трэба пераконваць грамадзтва ў тым, што мы ведаем, як палепшыць наш дабрабыт. Ня мае сэнсу крытыкаваць пэрсону Лукашэнкі, трэба крытыкаваць палітыку дзяржавы, якая вядзе да эканамічнага зьнясіленьня. Палітыку, якая сьцьвярджае, што дзяржава ня ў стане забясьпечыць грамадзян працай. Палітыку, якая пагаджаецца з тым, што пяцьдзясят адсоткаў студэнтаў, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, не зьбіраюцца працаваць па сваёй спэцыяльнасьці. Як такая краіна можа быць пасьпяховай?
Ёсьць два шляхі зьмяніць сытуацыю: рэвалюцыйны і мірны. Кампанія «Гавары праўду» вызначылася – мы не за рэвалюцыю. Рэвалюцыйны шлях ня мае пэрспэктывы. Наш выбар змушае нас ісьці на парлямэнцкія выбары, каб аб'ядноўваць вакол сябе людзей, каб паказваць грамадзтву, што ёсьць у краіне людзі з нармальнымі ідэямі.
«Нават сёньня пры пэўнай грашовай абмежаванасьці існуюць вялікія фінансавыя магчымасьці. Уявіце: толькі на падтрымку стратных прадпрыемстваў улада выдаткоўвае чатыры трыльёны рублёў. І гэта ў той час, калі няма сродкаў на фінансаваньне фонду, які б ствараў спрыяльныя ўмовы для малога бізнэсу. У нашых умовах празрыстая сыстэма малых грантаў дапамагла б людзям у розных куткох Беларусі пачаць сваю справу, вырашыць праблему самазанятасьці насельніцтва. Але ж галоўны набытак Беларусі – гэта кваліфікаваныя кадры. Вакол нас шмат здольных і таленавітых людзей», – адзначыў Андрэй Дзьмітрыеў.
Пры канцы сустрэчы палітыкі адказалі на шэраг пытаньняў, зададзеных прысутнымі. Увогуле, размова атрымалася зьмястоўнай і закранула разнастайныя пытаньні сацыяльна-палітычнага жыцьця краіны. Увесь зьмест і дух размовы засьведчылі: перамены ў краіне даўно насьпелі.
С. Горкі