Сустрэча ў Полацку пачалася на плошчы каля Дома гандлю а 16:10 пасьля прыезду каманды Караткевіч з Глыбокага. Пагутарыўшы з полацкімі грамадзянскімі актывістамі, што сабраліся, спадарыня Тацьцяна рушыла на калгасны рынак, дзе пагутарыла з прадпрымальнікамі, якія нядаўна праводзілі акцыі пратэсту.
Экс-кандыдат у прэзыдэнты раздала палачанам улёткі з падзякаю за галасаваньне на выбарах. Ва ўлётках было адзначана, што, на думку назіральнікаў, за яе прагаласавала каля 25% выбаршчыкаў. Складальнікі тэксту ўлётак заклікалі грамадзян падтрымаць правядзеньне агульнанацыянальнага форуму «За мірныя перамены», а таксама ўзяць актыўны ўдзел у парлямэнцкіх выбарах ў 2016 годзе.
Адна з палачанак распавяла, што пасьля дня выбараў зьняла са стэнду партрэт Тацьцяны і павесіла яго ў сябе дома на ўваходныя дзьверы: «Цяпер выходзячы з дому, я заўсёды Вас вітаю!». На пытаньне: «Чаму Вы не прэзыдэнт?» – Тацьцяна адказала: «Трэба прызнаць, што за мяне прагаласавала ня большасьць. Нам разам трэба працаваць, каб прыхільнікаў мірных пераменаў стала больш».
На полацкім рынку Караткевіч паразмаўляла з прадпрымальнікамі, якія ў кастрычніку праводзілі страйк. Прадпрымальнік з Полацку, сябра РГА «Пэрспэктыва» Вольга Шарстабітава распавяла былому кандыдату на пасаду прэзыдэнта пра пляны дзеяньняў прадпрымальнікаў у абарону сваіх інтарэсаў. Тацьцяна выказалася пра сваё бачаньне праблемы, пра карысьць салідарных дзеяньняў прадпрымальнікаў.
Варта адзначыць, што вакол групы грамадзян, якія сабраліся на рынку, тапталіся людзі ваеннай выправы ў цывільным, якія ў размову не ўступалі. Кантралёр рынку, якая зьнячэўку зьявілася, адкрыта фатаграфавала Тацьцяну і зьбірала ўсе ўлёткі, якія раздавалі актывісты. Як стала вядома пазьней, дваіх актыўных прадпрымальнікаў на паўгадзіны ізалявалі людзі ў цывільным, і яны не змаглі ўдзельнічаць у мірным сходзе на рынку.
Пасьля Полацку Тацьцяна Караткевіч накіравалася ў Наваполацак, на сустрэчу з працаўнікамі заводу «Нафтан», якая прайшла ў офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу. Далей мелася быць сустрэча з народам ва Ўшачах...
Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна