Праваабаронца Павал Левінаў накіраваў на адрас Віцебскай абласной выбарчай камісіі адкрыты ліст, у якім выказаў расчараваньне, што сябры камісіі не прыслухаліся да яго ранейшых парадаў і не абвясьцілі яшчэ ў студзені аб самароспуску. Гіпатэтычны сьпіс Левінава, дасланы ў выбаркам за два месяцы да выбараў, цалкам супаў з выніковым сьпісам выбраных у аблсавет дэпутатаў.

18 лютага завяршыўся трохмесячны выбарчы маратон, які дазволіў сфармаваць мясцовыя прадстаўнічыя органы ўлады – Саветы дэпутатаў. Зразумела, гэта значны палітычны вынік, які дасягнуты мясцовай выканаўчай галіной улады. Іншым вынікам мясцовых выбараў можна лічыць відавочны факт, што выбарчая сыстэма ў цяперашнім яе выглядзе падрывае давер да вынікаў галасаваньня і выклікае сумнеў у легітымнасьці дэпутатаў.

У Воршы ў дзень асноўнага галасаваньня выбарчыя камісіі з мэтай забесьпячэньня яўкі робяць стаўку на галасаваньне на даму. У сьпісах некаторых УВК колькасьць выбаршчыкаў, прагаласаваўшых на даму, удвая перавышае колькасьць тых, хто прыйшоў галасаваць на ўчастак. Сябры камісіяў зь пераноснымі скрынямі для галасаваньня заяўляюцца да выбаршчыкаў, якія іх пра гэта не прасілі, і пазбаўляюцца ад пільных назіральнікаў ад апазыцыі.

На youtube зьявіўся чарговы ролік з мэтаю дыскрэдытаваць віцебскага праваабаронцу. Апублікаваны ён нібыта ад імя вядомага «лекара-праўдаруба» Ігара Пастнова, які катэгарычна адмаўляе сваю датычнасьць да гэтага.

На сёлетніх выбарах юрыст Аляксей Гаўруцікаў вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ў Віцебскі абласны і Віцебскі гарадзкі саветы ад партыі БНФ пры падтрымцы руху “За свабоду”. З красавіка 1990 па кастрычнік 1997 году ён ужо быў дэпутатам Віцебскага гарадзкога савету і мае багаты досьвед працы.