Прайшоў ужо месяц ад пачатку выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя заканадаўчыя органы ўлады. Таму можна падвесьці прамежкавыя вынікі і даць агульную карціну бягучага моманту падрыхтоўкі да выбараў “слугаў народу” ў Віцебску.

Аршанская раённая камісія па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 скліканьня 15 сьнежня правяла сваё апошняе паседжаньне па рэгістрацыі ініцыятыўных групаў кандыдатаў.

15 сьнежня першы пікет па зборы подпісаў за вылучэньне чальца аргкамітэту партыі БХД Ірыны Захаравай кандыдаткай у дэпутаты Віцебскага гарадзкога савету па 18-й Чкалаўскай акрузе зладзілі сябры яе ініцыятыўнай групы. Пікет прайшоў на рагу Маскоўскага праспэкту і 2-й Падоўжнай вуліцы.

14 сьнежня Віцебская гарадзкая выбарчая камісія скончыла прыём заяваў для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў для збору подпісаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты гарадзкога Савету дэпутатаў. Усяго было пададзена 59 заяваў, зь якіх выбарчая камісія разгледзела 54. Астатнія пяць плянуюць разгледзець 18 сьнежня.

На чарговым паседжаньні Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі па выбарах гарадзкога Савету дэпутатаў, якое адбылося 5 сьнежня, было разгледжанае пытаньне рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Вынікам паседжаньня стала рэгістрацыя дзьвюх групаў грамадзян, якія маюць намер праз збор подпісаў зарэгістраваць свайго лідэра для яго ўдзелу ў выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты гарадзкога прадстаўнічага органа ўлады.