Для выяўленьня магчымых фальшаваньняў найбольш актыўныя грамадзяне рэгіструюцца на ўчастках у якасьці незалежных назіральнікаў. У Віцебску для іх нават праходзілі адпаведныя навучальныя трэнінгі.
Каб даведацца, як жа адбывалася галасаваньне гэтым разам, зарэгістраваўся ў якасьці незалежнага назіральніка і карэспандэнт «Віцебскай Вясны».
Выбар паў на ўчастак № 32 Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску, дзе ў якасьці кандыдата ад апазыцыйнай партыі БНФ у гарадзкі савет абіраўся Ўладзімер Сіманковіч. Участак разьмяшчаўся ў школе № 29. Старшынёй участковай камісіі, як няцяжка здагадацца, аказалася мясцовая дырэктарка – Шушкевіч Ірына Леанідаўна. А астатнімі сябрамі камісіі і праўладнымі назіральнікамі – супрацоўнікі школы (настаўнікі і іншы пэрсанал). Ці ня праўда, фантастычнае супадзеньне?
Зыходзячы з ранейшага досьведу назіраньня, можна было адразу рыхтавацца да таго, што парушэньняў будзе шмат.
Грубае парушэньне выбарчага працэсу выявілася адразу ж, як толькі назіральнік трапіў на ўчастак. Рэч у тым, што згодна з артыкулам 51 Выбарчага Кодэксу (Арганізацыя галасаваньня на ўчастку для галасаваньня), памяшканьне для галасаваньня павінна быць арганізаванае належным чынам. У прыватнасьці, скрыні для галасаваньня павінны знаходзіцца ў полi зроку чальцоў участковай камісіі і назіральнікаў. На гэтым жа ўчастку скрыню разьмясьцілі так хітра, што ніхто з чальцоў камісіі ня бачыў яе са свайго месца. Дый ня ўсім назіральнікам гэта было даступна. Таму што скрыню ад усіх чальцоў камісіі і часткі назіральнікаў аддзяляла велізарная сьцяна у выглядзе кабінак для галасаваньня. Таму кожны ахвотны мог бесьперашкодна панакідаць туды чаго заўгодна. Хоць цэлы мех бюлетэняў.
Больш таго, пры жаданьні можна было наогул непрыкметна забраць гэтую скрыню з участку. Бо ўчастак разьмяшчаўся пасярэдзіне шырокага школьнага калідора, і да скрыні можна было падысьці зь іншага боку, абмінаючы камісію. А паколькі скрыня знаходзілася па-за полем бачнасьці камісіі, а праўладныя назіральнікі не сядзелі на месцы, то яе магчыма было лёгка забраць і вынесьці праз запасны выхад. Але карэспандэнт «Віцебскай Вясны» выявіўся сумленным чалавекам і ня стаў рабіць гэтага.
Апроч таго, выклікала зьдзіўленьне, як некаторыя чальцы выбарчай камісіі на працягу ўсяго дня невялікімі купкамі заходзілі ў школьны буфэт, дзе не толькі спаталялі свой голад, але і не забывалі прапусьціць чарачку-другую каньяку ці якогасьці іншага сьпіртнога напою. Дык што к часу закрыцьця ўчастку значная частка камісіі была ўжо пад шафэ.
Але, як і чакалася, самыя вялікія парушэньні сталі ўзьнікаць, як толькі пачаўся падлік галасоў. Чальцы выбарчай камісіі селі па пэрымэтры сталоў, на якія павывальвалі бюлетэні. Саміх назіральнікаў да сталоў блізка не падпусьцілі. Кожны чалец камісіі асобна лічыў свой стос бюлетэняў, а пасьля шэптам паведамляў лічбы старшыню. Таму ніякай адкрытасьці і галоснасьці, як прадпісвае выбарчы кодэкс, не было.
Больш таго, агучаная яўка па асноўным дні галасаваньня рэзка разыходзілася з тымі дадзенымі, якія атрымалі назіральнікі, што бесьперапынна лічылі цэлы дзень усіх выбаршчыкаў. Паводле дадзеных камісіі, прагаласавала 690 чалавек, а паводле зьвестак назіральнікаў – 432. Такім чынам, яўку павялічылі амаль на 300 чалавек. На выказаныя прэтэнзіі старшыня заявіла, што яна сама не займалася падлікам выбаршчыкаў і ня ведае, адкуль назіральнікі ўзялі гэтыя лічбы.
Але самым абуральным парушэньнем стаў факт нестыкоўкі дадзеных, якія спадарыня Шушкевіч сама агучвала падчас «падліку» бюлетэняў, і тых, што затым былі пазначаныя ў выніковым пратаколе. Напрыклад, за праўладнага кандыдата, дырэктара філіяла «Вітцепласеткі» РУП «Віцебскэнэрга» Яўгена Міхайлаўскага, яна агучыла наступныя дадзеныя: па датэрміновым галасаваньні – 437 бюлетэняў, па галасаваньні на даму – 29, а ў асноўны дзень – 344. То бок праз простае матэматычнае складаньне мусіла атрымацца лічба 810. А ў выніковым пратаколе было пазначана 913. І такія неадпаведнасьці выявіліся па ўсіх паказчыках: па колькасьці людзей, якія ўзялі удзел у галасаваньні (лічба павялічыліся), па выбаршчыках, што прагаласавалі супраць усіх (зьменшылася), па галасох, аддадзеных за апазыцыйнага кандыдата (зьменшылася).
Такая карціна была на ўчастку, дзе прысутнічалі незалежныя назіральнікі. Прычым чальцы камісіі бачылі, што вёўся падлік выбаршчыкаў і рабіліся фатаграфіі, і гэта не перашкодзіла ім рабіць падтасоўкі. Можна толькі ўявіць, што адбывалася на ўчастках, на якіх незалежных назіральнікаў не было.
https://vitebskspring.org/news/vybary/item/2685-p-yanaya-kamisiya-i-adsutnasts-sumlennastsi-shto-ubachyu-karespandent-na-vybarchym-uchastku#sigProIdb93f9c7df9
Уладзімер Бяляўскі