Пётар Іваноў адразу выказаў упэўненасьць у безумоўнай перамозе Уладзімера Пуціна (паводле дадзеных на 19 сакавіка, Пуцін атрымаў 76,65% галасоў выбарцаў) і прызнаўся, што асабіста перад ім асаблівага выбару і не стаяла, хоць “усе кандыдаты “бравыя”.
“Я прагаласаваў за чалавека, які даў станоўчы адказ на мае прапановы аб супрацоўніцтве ў справе ўстанаўленьня сумленнай улады. За чалавека, які мае рэальныя магчымасьці. І ён ужо працягнуў нам, генэральнаму савету, руку, каб дапамагчы стварыць зьнізу міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне з першакляснай тэхнічнай базай, бо я ўпэўніўся, што добрая матэрыяльная база – гэта задача №1”, – сказаў Пётар Іваноў.
Пуцін як увасабленьне сумленнай улады?..
Запыталіся, ці ўвасабляе Уладзімер Пуцін для актывіста ідэю сумленнай улады.
Віцебскі ўчастак для галасаваньня, 18 сакавіка
“Я ведаю, што ў Пуціна ёсьць магчымасьці, сама меней, з гэтай ідэяй шчыльна працаваць дзеля дабра ня толькі Расеі, але і чалавечых супольнасьцяў нашай плянэты. Прынамсі – не адкідаць гэтую ідэю”, – гаворыць Пётар Іваноў.
“У свой час у Расеі быў зроблены ўхіл на патрыятызм, і гэта ня тое, што трэба. Хтосьці лічыць, што патрыятызм – гэта апошняе прыстанішча нягоднікаў. І гэта, я мяркую, вельмі блізка да праўды.
А вось сумленная ўлада, яна ідэальна кладзецца на рускую душу, на беларускую душу, на ўкраінскую таксама ляжа…” – дадае.
З задавальненьнем падтрымаў бы Лукашэнку, калі б…
Іваноў выказаў думку, што сусьветны парадак і вызначаецца зараз “найвышэйшай ідэяй сумленнай улады”, бо “ідэя дэмакратыі збанкрутавала, а ідэя правоў чалавека бяз сумленнай улады мёртвая”.
Пётар Іваноў галасаваў за Пуціна
“А з сумленнай уладай усё жывое, – гаворыць. – Ідэя настолькі шматплянавая, што хочаш альбо ня хочаш, яна пачынае працаваць. І я з задавальненьнем падтрымаў бы Лукашэнку, калі б ён наўпрост не парушыў Канстытуцыю. Ён ня мог выбірацца больш за два тэрміны запар. Хаця б перапынак зрабіў, як той жа Пуцін раней, які не парушае ж расейскай Канстытуцыі”.
Пры гэтым, што да сумленнасьці выбараў у Расеі, выказаў меркаваньне, што Расеі яшчэ далекавата да гэтага.
Гаворыць, што расейскія ўлады вельмі пісьменна пабудавалі выбарчую кампанію, зарэгістраваўшы двух кандыдатаў-камуністаў і тым самым адцягнуўшы электарат ад Жырыноўскага, які “загуляўся ў слоўныя баталіі”. Наконт Ксеніі Сабчак адзначыў, што ў яе добрая будучыня як у палітыка. Пахваліў, што зьезьдзіла ў ЗША і прызнаўся, што ад самага пачатку верыў у Трампа і, як старшыня аб’яднаньня “За сумленную ўладу”, дагэтуль атрымлівае ад яго лісты.
Выказаў падзяку расейскай амбасадзе
Пётар Іваноў расказаў таксама, што пасьля таго як прагаласаваў, выказаў падзяку прадстаўніку расейскай амбасады ў Беларусі за падтрымку падчас знаходжаньня ў СІЗА №2. Як распавёў, у ізалятары яго наведаў аташэ Кірыл Адзінёў. Ужо пасьля суду (Іваноў быў пакараны штрафам памерам 85 б.в.) у трэцім томе крымінальнай справы Пётар Іваноў знайшоў тры ноты, накіраваныя з амбасады Расеі беларускім уладам наконт ягонай справы.
Нагадаем, Пётар Іваноў правёў у віцебскім СІЗА 108 дзён як абвінавачаны ў зьдзяйсьненьні гвалту ў дачыненьні да службовай асобы падчас выкананьня той службовых абавязкаў (ч.1 арт. 366 КК РБ).
Падчас судовых паседжаньняў актывіст неаднойчы заяўляў, што ў СІЗА яго катавалі і зьдзекаваліся над ім. Кастрычніцкі суд Віцебску прысудзіў Іванову вялізны штраф (больш за 2 тыс. рублёў), але Іваноў заявіў, што не зьбіраецца сплачваць яго і накіраваў касацыйную скаргу на прысуд.
Разгляд апэляцыі адбудзецца 20 сакавіка. Пачатак паседжаньня ў Віцебскім абласным судзе прызначаны на 9.30.
Зьміцер Міраш