Аўторак, 19 Май 2020

Шэсьць чалавек зь Віцебшчыны падалі ў ЦВК дакумэнты для рэгістрацыі ініцыятыўных груп

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

15 траўня скончыўся прыём дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. У выніковым сьпісе апынулася 55 прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва, сярод якіх – 6 жыхароў Віцебскай вобласьці: трое з Віцебску, па адным з Воршы, Наваполацку і Дуброўна. Хто яны?..

Пяцёра ідуць на выбары як «кандыдаты пратэсту» палітыка Мікалая Статкевіча. У іх ліку дубровенская актывістка Натальля Стрэльчанка, Аляксандар Школьнікаў з Воршы, Юрый Касач з Наваполацку і віцебскія актывісты Уладзімер Кійко і Аляксандар Якушкоў. Галоўная іх мэта – арганізацыя легальных пратэставых акцый у сваіх гарадах. Для гэтага плянуецца выкарыстаць магчымасьці, якія даюць пікетаваньні па зборы подпісаў, хоць, уласна, зьбіраць подпісы яны не плянуюць.

«Выбараў у нас няма, гэта я ўжо зразумеў у 1999 годзе. А прымаю ўдзел у іх таму, што хачу даць шматлікім маім суайчыньнікам магчымасьць легальна сабрацца і выказаць свае меркаваньні аб цяперашняй уладзе і праблемах нашага рэгіёну», – патлумачыў сваё рашэньне прыняць удзел у выбарах Аляксандар Школьнікаў.

Нагадаем, Натальля Стрэльчанка, Уладзімер Кійко і Аляксандар Якушкоў бралі актыўны ўдзел у нядаўніх парлямэнцкіх выбарах, а таксама – у акцыях за незалежнасьць краіны, за ўдзел у якіх атрымалі буйныя штрафы.

Таксама падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы віцебскі індывідуальны прадпрымальнік Уладзімер Правальскі. У 2010 годзе ён ужо спрабаваў свае сілы ў прэзыдэнцкай гонцы. Тады яго ініцыятыўная група была зарэгістраваная, але статусу «кандыдат у прэзыдэнты» яму так і не ўдалося дасягнуць: з больш чым за 100 000 пададзеных подпісаў Ярмошына прызнала толькі крыху больш за 100, а астатнія палічыла ксэракопіямі…

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.