Пятніца, 18 Кастрычнік 2019

Камісія №20 “забракавала” двух прэтэндэнтаў: Натальля Шарыпа – па-за гульнёй

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Падчас працэдуры рэгістрацыі Падчас працэдуры рэгістрацыі

Віцебскую актывістку “Матчынага руху 328” Натальлю Шарыпу не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20. За бортам выбарчай кампаніі апынуўся і сацыял-дэмакрат Алег Філеня. Затое ў подпісах рэктара ВДУ Аляксея Ягорава камісія не знайшла аніводнай памылкі…

У чацьвер 17 кастрычніка выбарчая камісія Віцебскай-Кастрычніцкай акругі №20 правяла сваё чарговае паседжаньне. Цягам гадзіны сябры камісіі рэгістравалі кандыдатаў у дэпутаты, разьмяркоўвалі эфірны час для выступаў, вызначаліся з фарматам агітацыйных плякатаў і бюлетэняў для галасаваньня.

Было сем – стала пяць

Зь сямі прэтэндэнтаў у кандыдаты камісія зарэгістравала толькі пяцярых.

Адмовілі ў рэгістрацыі Алегу Філеню – вылучэнцу ад апазыцыйнай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Прычына адмовы – неадпаведнасьць фактычна атрыманых дадзеных тым дадзеным, якія ён абвясьціў у дэклярацыі.

Не зарэгістравалі ў якасьці кандыдаткі і самавылучэнку Натальлю Шарыпу, якая сабрала каля 1,5 тыс. подпісаў. У рэгістрацыі ёй адмовілі праз тое, што ў подпісах, сабраных яе ініцыятыўнай групай, нібыта “ўтрымліваюцца дадзеныя, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці”.

Натальля Шарыпа

Як высьветлілася, знайсьці гэтыя памылкі акруговай камісіі дапамагалі Віцебскае ўпраўленьне судовых экспэртыз і аддзел міграцыі АУС Кастрычніцкага раёну. Сьцьвярджалася, што правяралі подпісы і самі сябры камісіі: абыходзілі кватэры тых, хто падпісаўся за Натальлю Шарыпу.

Праваабаронца: Сумняюся, што праверка подпісаў прайшла бесстароньне

“На жаль, мне, як назіральніку, выбарчая камісія не дазволіла прысутнічаць падчас працэдуры праверкі сапраўднасьці подпісаў выбарцаў у падпісных лістах. Таму асабіста ў мяне маюцца падставы сумнявацца ў тым, што праверка сапраўднасьці подпісаў, пададзеных Натальляй Шарыпай, была праведзеная бесстароньне і ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі дзейнага выбарчага заканадаўства”, – адзначыў назіральнік Леанід Сьвецік.

Ён лічыць вельмі дзіўным, што ў кандыдата ў дэпутаты рэктара ВДУ Аляксея Ягорава (прамога канкурэнта Шарыпы ў выпадку яе рэгістрацыі) праверка ня выявіла аніводнага (!) памылковага подпісу…

Аляксей Ягораў (справа) падчас паседжаньня камісіі

Удзельнічаць у тэледэбатах гатовы толькі камуніст

Між тым, без асаблівых праблем камісія зарэгістравала кандыдатам вылучэнца ад беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” Яўгена Інца. Атрымае неўзабаве мандат кандыдата і першы сакратар гарадзкога камітэту БРСМ Тацяна Красакова, якую вылучалі працоўныя калектывы віцебскай гімназіі №3 і СШ №34.

Без праблем прайшоў праз “чысьцец” акруговай камісіі і быў зарэгістраваны (пры адзінагалоснай згодзе яе сябраў) і дырэктар прадпрыемства “ВітНам” Віталь Фамін. Ён вылучаўся ад лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДП).

Зарэгістраваным ужо кандыдатам паведамілі, што 1 лістапада ад 19-й гадзіны на тэлеканале “Беларусь 3” будуць трансьлявацца іх праграмныя выступы. Паўдзельнічаць жа ў тэледэбатах выказаў жаданьне толькі адзін кандыдат у дэпутаты – беларускі камуніст Сяргей Нішчыменка.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.