Чацвер, 17 Кастрычнік 2019

Назіральнік: у Віцебскай Чыгуначнай акрузе зарэгістравалі ўсіх ахвотных

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Увечары 16 кастрычніка на паседжаньні выбарчай камісіі Віцебскай Чыгуначнай акругі №19 былі зарэгістраваныя 7 кандыдатаў у дэпутаты, то бок усе, хто падаваў дакумэнты на рэгістрацыю і выказаў жаданьне пазмагацца за дэпутацкае месца ў беларускім парлямэнце.

Калектыўны партрэт прэтэндэнтаў

У акрузе балятуецца пяць кандыдатаў ад палітычных партый, адзін ад працоўнага калектыву і яшчэ адзін – ад працоўнага калектыву і шляхам збору подпісаў выбарцаў. Усе кандыдаты пражываюць у Віцебску.

Дэпутатамі прагнуць стаць тры кіраўнікі, адзін працоўны, сястра-сядзелка, якая даглядае інваліда першай групы, спэцыяліст па маркетынгу і рамесьнік.

Што да гендэрнага складу, сярод патэнцыйных дэпутатаў - тры жанчыны і чатыры мужчыны.

Падчас паседжаньня

І яшчэ маленькая дэталь, якая характарызуе магчымых дэпутатаў: усе яны выбралі плякаты на расейскай мове. Выключэньне – зарэгістраваны ад партыі “Беларускі народны фронт” Уладзімер Сіманковіч. Дарэчы, старшыня камісіі Сьвятлана Міхальчанка паабяцала, што зробіць усё ад яе залежнае, каб плякаты кандыдата ў дэпутаты Сіманковіча былі выраблены па-беларуску.

Чаго чакаць выбарцам

23 кастрычніка на канале тэлевізіі “Беларусь 3” ад 19.00 можна будзе глядзець і слухаць выступы кандыдатаў па Віцебскай Чыгуначнай акрузе. Таксама плянуюцца кароткія выступы кандыдатаў на радыё – трэба сачыць за анонсамі.

Кіраўніцтва камісіі прапанавала таксама правесьці дэбаты сярод кандыдатаў акругі, але ахвотных не знайшлося.

На паседжаньні 16 кастрычніка прысутнічалі карэспандэнты дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ, назіральнікі ад грамадзкіх арганізацый і прафсаюзаў, а таксама міжнародныя назіральнікі ад місіі СНД.

Леанід Свецік, назіральнік

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.