Стаць назіральнікам нескладана: трэба сабраць 10 подпісаў людзей, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчага ўчастку, альбо атрымаць афіцыйнае накіраваньне ад палітычнай партыі ці грамадзкай арганізацыі.
Будучыя назіральнікі разгледзелі падчас навучаньня найбольш распаўсюджаныя і важныя віды парушэньняў на ўчастках, даведаліся пра свае правы і абавязкі, навучыліся пісаць скаргі, засвоілі асноўныя альгарытмы дзеяньняў.
Падчас трэнінгу
Па словах Кастуся Смолікава, які праводзіць частку трэнінгаў, назіраньне будзе арганізаванае на дзьвюх віцебскіх акругах – Віцебскай-Чкалаўскай №18 і Віцебскай-Горкаўскай №17. Паводле ЦВК, усяго на тэрыторыі гэтых акругаў разьмяшчаюцца адпаведна 34 і 38 участкаў для галасаваньня. Для кожнага зь іх плянуецца падрыхтаваць па 2 назіральнікі, каб мелі магчымасьць падмяняць адзін аднаго.
Такім чынам, усяго трэба падрыхтаваць больш за 140 назіральнікаў.
Аляксей Сігаеў: Маем кантраляваць працэс “ад і да”
На трэнінгу прысутнічаў нацыянальны каардынатар кампаніі “Права выбару” ў рэгіёнах Аляксей Сігаеў.
Аляксей Сігаеў
“Выбары насамрэч не адбываюцца, бо людзі іх байкатуюць. І, натуральна, мы паказваем, колькі чалавек прыходзяць галасаваць і якую колькасьць “малююць” улады. То бок калі б мы зараз не назіралі за датэрміновым галасаваньнем, а толькі за днём, калі ідзе падлік галасоў, гэта мала што дало б. Улады маглі б у гэты дзень паказаць нам нават кожны бюлетэнь, бо яшчэ да гэтага часу маглі зрабіць зь бюлетэнямі што заўгодна. Таму мы маем на мэце кантраляваць цалкам увесь працэс: “ад і да”. Каб мець агульную карціну і паказаць, як усё ёсьць насамрэч”, – патлумачыў сэнс кампаніі Аляксей Сігаеў.
Што заахвочвае грамадзян удзельнічаць у назіраньні
“Я хачу ўдзельнічаць у назіраньні, каб выявіць сапраўдны стан рэчаў. Чаму ў народзе ідзе пагалоска, што выбары няправільныя? Дык хачу пабачыць на свае вочы, каб сказаць, былі парушэньні ці не. Хаця б гэтак выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. То бок не на двары сядзець і разважаць, што ўсё там няправільна, – а быць відавочцам і спрабаваць неяк уплываць на тое, каб выбары былі справядлівымі”, – падзяліўся адзін з удзельнікаў трэнінгу.
Кампанія “Права выбару” аб'ядноўвае восем структур. У ёй бяруць удзел прадстаўнікі партый БНФ, АГП, БСДП, “Зялёныя”, аргкамітэтаў партыі БХД і партыі свабоды і прагрэсу, сябры руху “За Свабоду” і прафсаюзу “РЭП”.
Уладзімер Бяляўскі