Нядзеля, 06 Кастрычнік 2019

“Галоўнае – захацець!” Натальля Шарыпа сабрала 1500 подпісаў і чакае рэгістрацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Натальля Шарыпа Натальля Шарыпа

Патэнцыйная кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Натальля Шарыпа зь Віцебску сабрала ў паўтары разы больш подпісаў выбарцаў, чым таго патрабуе заканадаўства, – 1500. Пры тым што з 14-ці чалавек яе ініцыятыўнай групы актыўным зборам займаліся толькі 6 сябраў групы. “Няма нічога немагчымага!” – кажа Натальля.

“Няважна, якая колькасьць людзей у ініцыятыўнай групе. Бо галоўнае ня колькасьць, а якасьць. У мяне – мамы. А мамы ведаюць, куды ідуць. Галоўнае – хацець і ведаць, навошта гэта нам. І верыць!” – сьцьвярджае Натальля.

“А ці веру я ў перамогу? Веру! Ня столькі ў тое, што там хтосьці за мяне будзе галасаваць і ўсё будзе справядліва, колькі веру ў тое, што такі мой лёс. І калі гэта мой лёс – я буду там (у парлямэнце - ВВ) пры любых абставінах”, – запэўнівае нашая суразмоўца.

Натальля Шарыпа ідзе на выбары па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20, дзе ў выпадку рэгістрацыі яе асноўным канкурэнтам на выбарах будзе рэктар ВДУ імя П.М.Машэрава Аляксей Ягораў (у ягонай ініцыятыўнай групе – 170 чалавек). Па гэтай жа акрузе будуць рэгістравацца Яўген Інц (“Справядлівы Сьвет”) і Ўладзімер Кійко (партыя БНФ).

 

“Мужчын няма – быццам на вайну сышлі…”

Натальля Шарыпа расказвае, што амаль усе подпісы сабралі шляхам абыходу кватэр (зладзілі два пікеты, але ня вельмі прадуктыўныя). Прысьвячалі гэтаму штодзень 2-3 гадзіны вечаровага часу. Адмовы і зачыненыя дзьверы, якіх было вельмі шмат, не лічылі. А там дзе адчынялі – працавалі з гумарам і ўсьмешкамі. Гэта дало вынік.    

“А хто вы, што вы? Мы ж вас ня ведаем” – “Я вас таксама ня ведаю, але ж пазваніла вам…” –  “Ну заходзьце!” – “Да вас ужо прыходзілі ад будучых кандыдатаў?” – “Не, вы першая...” – “Ну дык за першы раз можна і падпісацца!”. І ўсё. Вось так – сьмехам, жартамі ды прыгаворкамі – і назьбіралі”, – усьміхаецца Натальля. 

Патэнцыйная кандыдатка кажа, што, калі б трэба было намаляваць зборны партрэт ейных выбарцаў, то гэта быў бы вобраз жанчыны пасьля 50 (“50 з плюсам, прычым добрым такім плюсам”). Бо калі трапляліся мужчыны, – а трапляліся яны крайне рэдка, – дык часьцей за ўсё выказвалі сваю нерашучасьць ці абыякавасьць.

“Ай, па вялікім рахунку, мужчынаў у прынцыпе няма! Як быццам, на вайну сышлі ўсе. Вельмі мала мужчынскіх подпісаў сабралі. Большасьць нашых мужчын зьехалі з гэтага гораду на заробкі. Бо тут няма чаго рабіць і няма дзе зарабляць…” – гаворыць Натальля.

 

“Вось ёсьць Нехта, а мы – “ніхто”…

Што да людзей сярэдняга веку і моладзі – то ў перамены яны ня вераць, заўважае Натальля.   

“Бадай усе адказвалі: не, не і не! “Усё бескарысна, нічога вы ня зьменіце, і хто вы такія, калі там і без вас ужо ўсё заплянавана”, – прыкладна так адказвалі. І пэсымізм у вачах…” – расказвае патэнцыйная кандыдатка.

“То бок яны ўспрымаюць гэта так: мы – ніхто. Вось ёсьць Нехта, а ёсьць мы, якія “ніхто”. Але я сябе “нікім” не лічу. Я – гэта я. І я што магу, тое і раблю”, – дадае.

На думку Натальлі, людзі старэйшага пакаленьня падпісваліся толькі таму, што папросту прывыклі так рабіць – хадзіць на выбары і не задаваць лішніх пытаньняў. Распавядае, што мае ў сваім стосе подпісы людзей 1937-га і нават 1929-га гадоў нараджэньня.

 

“А колькі ж у Віцебску дамоў-прывідаў!”

Падчас абыходу кватэр Натальля і яе каманда сутыкаліся і з агрэсіяй, і з неразуменьнем, але найчасьцей – са страхам. 

“Людзі перадусім увогуле баяцца адчыняць дзьверы. А ў некаторых і званкоў няма. Калі ёсьць – звонім. Шорхат за дзьвярыма: “А хто там?” – “Наконт выбараў”. І цішыня…

А сабак колькі ў дамох! А колькі дамоў-прывідаў, у якіх ніхто не жыве! Ніводнага асьветленага вакна ўвечары, і ніхто не адчыняе. І цяпер зразумела, чаму ЖКГ падвышае кошты на ацяпленьне – бо ім даводзіцца ацяпляць усе гэтыя дамы-прывіды”, – расказвае.

 

“Паўтары тысячы людзей за мной – адступаць няма куды!”

Натальля Шарыпа прызнаецца, што сам гэты працэс – “хаджэньне па электараце” і збор подпісаў – зьмяніў яе: надаў рашучасьці і ўпэўненасьці.

“Я ж напачатку думала, што паходзім спакойна, інфармацыю пазьбіраем, ну і ўсё. І была зьдзіўленая: людзі ўспрымаюць мяне ўжо як дэпутата! І скардзяцца мне як дэпутату. І ўжо паўтары тысячы людзей за мной. Дык натуральна, што гэта надае ўпэўненасьці. І адступаць ужо няма куды!” – падсумоўвае Натальля.

Натальля Шарыпа мае вышэйшую адукацыю (скончыла ў 1995 годзе ВДУ), замужам, мае трох сыноў. Працуе ў Віцебску як індывідуальны прадпрымальнік у сфэры рэклямы. Яна актыўная ўдзельніца ініцыятывы “Матчын рух 328”, арганізатар у горадзе акцый “Замест тысячы словаў” і Stop#328. Беспартыйная. Ідзе на выбары пры падтрымцы руху “Гавары праўду!”.

Зьміцер Міраш, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.