“Перашкаджаў сваёй прысутнасьцю…”
Прэтэнзіі да Паўла Левінава з боку астатніх сябраў камісіі заключаліся ў тым, што ён без дазволу камісіі і яе старшыні Дзьмітрыя Хомы актыўна наведвае акруговыя камісіі, правярае дзяжурствы акруговых камісій у межах Віцебскай вобласьці, кантралюе выкананьне імі дзейнага выбарчага заканадаўства.
З заяваў, якія паступілі ў абласную камісію, вынікала, што Левінаў сваёй прысутнасьцю перашкаджаў працы акруговых камісій, паводзіў сябе груба і бесцырымонна, крытыкаваў работу камісій і выказваў сумневы ў правільнасьці прынятых рашэньняў.
Паседжаньне перанесьлі ў будынак аблвыканкаму, інакш людзі зь інваліднасьцю на яго папросту б не патрапілі - не праехалі б у вазку праз брамку...
Павал Левінаў пагадзіўся з тым, што сапраўды эмацыйна рэагаваў на выяўленыя ім памылкі і недахопы працы акруговых камісій, але запэўніў, што не паводзіў сябе груба і задзірліва.
“Гэтыя суб'ектыўныя меркаваньні старшыняў акруговых камісій не знаходзяць рэальнага пацьверджаньня. Яны б былі аб’ектыўнымі доказамі маіх неправамерных паводзінаў, калі б заявы былі пацьверджаныя аўдыё- і відэаматэрыяламі. Але ўсе камісіі забаранілі вядзеньне відэафіксацыі сваіх паседжаньняў. Між тым, наяўнасьць такой магчымасьці аб’ектыўна даказвала б той ці іншы факт парушэньняў заканадаўства і нормаў прыстойнасьці як з боку кіраўніцтва і сябраў камісіі, так і з боку назіральнікаў ды іншых суб’ектаў выбарчага працэсу”, – адказаў на прэтэнзіі Павал Левінаў.
Чарговы “сьпіс Левінава”
Левінаў таксама выказаў на паседжаньні меркаваньне, што сябры абласной выбарчай камісіі недастаткова актыўна вядуць маніторынг працы АВК, абмяжоўваючыся толькі дзяжурствамі ў офісе камісіі. Пры гэтым за поўны дзень дзяжурства атрымліваюць узнагароду ў суме 60 рублёў.
Ён зрабіў прапанову ўсім сябрам камісіі даць справаздачу аб праведзенай працы ад моманту ўтварэньня ВАВК. Прапанову гэтую адхілілі. Вырашылі, што вынікі працы абласной камісіі будуць падведзеныя ўжо пасьля завяршэньня выбараў.
Тым ня менш сам Левінаў, з дазволу камісіі, зачытаў сваю справаздачу аб праведзенай ім працы. Падчас выступу ён агучыў сьпіс з 14 цяперашніх прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, якія, як мяркуе Левінаў, хутчэй за ўсё і стануць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў зь Віцебскай вобласьці. У прыватнасьці, ад гораду Віцебску, паводле сьпісу Левінава, у Палату пройдуць Віктар Нікалайкін (АВК №17), Тацяна Аўтухова (АВК №18), Сьвятлана Горваль (АВК №19) і Аляксей Ягораў (АВК №20).
Крыніцы інсайдэрскай інфармацыі Павал Ісакавіч не раскрыў.
Расейская мова нам “раднейшая” за беларускую?..
Апроч таго, Павал Левінаў заклікаў сябраў ВАВК зьвярнуцца да адміністратара сайту Віцебскага аблвыканкаму з патрабаваньнем, каб асьвятленьне выбараў адбывалася на дзьвюх мовах – беларускай і рускай.
Старшыня камісіі Дзьмітрый Хома запярэчыў, што адсутнасьць беларускамоўных паведамленьняў аб ходзе выбарчай кампаніі не парушае дзейнага выбарчага заканадаўства. А сакратарка камісіі Сьвятлана Ільюшчанка выказалася ў тым сэнсе, што Віцебшчына знаходзіцца блізка да Расеі, і таму расейская мова нам “раднейшая” за беларускую. У выніку ўсе прысутныя сябры камісіі, акрамя Левінава, прагаласавалі за адзіны расейскамоўны варыянт паведамленьняў на сайце і, па сутнасьці, за дыскрымінацыю беларускамоўных жыхароў рэгіёну.
2 мільёны рублёў зь бюджэту – толькі на працу камісій
Таксама аднагалосна камісія прагаласавала за тое, каб задаволіць просьбу Паўла Левінава, які адмовіўся атрымліваць належную яму грашовую ўзнагароду за працу ў камісіі. Сваю адмову Левінаў патлумачыў велізарнай дзяржаўнай пазыкай і дадатковай нагрузкай на бюджэт, якая ўзьнікае падчас выбарчай кампаніі.
На думку Паўла Ісакавіча, сябры камісій усіх узроўняў павінны працаваць як валянтэры – бясплатна. Атрымліваючы ўзнагароду за працу ў камісіях, яе сябры становяцца залежнымі ад волі дзяржавы, гэта спараджае ў выбарцаў падазрэньні ў аб’ектыўнасьці вынікаў кампаніі.
Сумы, дарэчы, істотныя. Толькі на забесьпячэньне ўчастковых камісій у Віцебску зь бюджэту пойдзе 470 тысяч рублёў, а ў межах Віцебскай вобласьці – 2 мільёны!
Аднак працаваць у камісіях бясплатна, як Левінаў, сябры абласной камісіі адмовіліся…
Зьніклі пратаколы паседжаньняў
Старшыня ВАВК Дзьмітрый Хома паведаміў прысутным пра факт зьнікненьня аж чатырох пратаколаў паседжаньняў і аднаго друкаванага “Практычнага дапаможніку” для тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій. Па гэтым факце быў складзены адпаведны акт. Па словах Хомы, гэтае надзвычайнае здарэньне кідае цень на ўсіх сябраў камісіі. Заклікаў сябраў вярнуць дакумэнты. Кіраўніцтва ВАВК пакуль ня выказала намеру заявіць у праваахоўныя органы аб зьнікненьні папераў.
Наступнае паседжаньне Віцебскай абласной выбарчай камісіі адбудзецца 20 кастрычніка. На ім будуць разгледжаныя вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты беларускага парлямэнту.
Леанід Сьвецік, назіральнік