Канфлікт з ЖЭУ
Спачатку быў канфлікт з ЖЭУ, якое сваёй пастановай змусіла вайсковага пэнсіянэра прыбраць усе ўпрыгожваньні з аздобленага ім пад'езду ў доме, дзе жыве яго маці. Гэта адбылося пасьля таго, як былы вайсковец пачаў змагацца з паленьнем у пад’езьдзе ды нагадваць камунальнікам, што з даху і сьценаў дому падае тынкоўка і нават цэгла.
Сёлета Вадзім Кузьмін замяніў у адным з пакояў кватэры батарэю ацяпленьня. Камунальнікі палічылі, што замена спрычынілася да праблемаў з ацяпленьнем ва ўсім пад’езьдзе і паспрабавалі трапіць у кватэру Кузьміна. Вайсковы пэнсіянэр не адчыніў – проста не пачуў званку ў дзьверы. Але непаразуменьні паміж ім і камунальнікамі пасьля гэтага абвастрыліся яшчэ больш.
“Замест таго, каб падысьці ды зрабіць усё па-чалавечы ці напісаць да мяне адпаведны ліст, яны пачынаюць пагражаць па тэлефоне, што я іх не пускаю. Але калі б падышоў сантэхнік – я б яго пусьціў. Тэлефанавалі ня толькі мне, але і маёй жонцы Вользе Каравашкінай. Але ж мы ніколі не давалі ім нумароў сваіх тэлефонаў. Адкуль яны ў іх?” – задаецца пытаньнем спадар Кузьмін.
“Упэўнены: рыхтуецца палітычная правакацыя…”
Як распавядае, колькі дзён таму патэлефанавалі зь невядомага нумару наконт аб'явы на “Куфары” аб продажы арганічнага шкла. Праз 6-7 хвілінаў “пакупнік” быў ужо на лесьвічнай пляцоўцы перад дзьвярыма, хаця ў размове пра адрас нават не запытаўся, у аб'яве я яго не падаваў. Праз “вочка” гаспадар пабачыў перад дзьвярыма каля пяці асобаў, якія размахвалі нейкімі паперамі. Кузьмін не адчыніў.
Пасьля таго як наведнікі сышлі, Вадзім Кузьмін паехаў у пракуратуру і напісаў заяву, у якой папрасіў разабрацца, хто безь ягонага дазволу даў ягоныя ж асабістыя дадзеныя супрацоўнікам ЖЭУ.
Заяўнік таксама зьвярнуў увагу на магчымасьць правакацый у дачыненьні да яго і ягонай жонкі Вольгі Каравашкінай – таксама патэнцыйнай кандыдаткі ў дэпутаты. Просіць пракуратуру завесьці на ЖЭУ крымінальную справу.
“Мы асьцерагаемся правакацый, нас могуць зьняць з рэгістрацыі, таму мы не жадаем пускаць у кватэру чужых людзей. Упэўнены: рыхтуецца палітычная правакацыя супраць кандыдатаў апазыцыйнай партыі “Справядлівы сьвет”, – піша ў сваёй заяве патэнцыйны кандыдат у дэпутаты.
“У кватэру могуць падкінуць што заўгодна”
Падставаў для засьцярогі Вадзім Кузьмін мае дастаткова.
“Як толькі пачынаецца якая выбарчая кампанія, дык да мяне абавязкова прыходзяць правяраць зброю. Я ня супраць праверкі, але калі перапытваю ў знаёмых паляўнічых – дык нікога, акрамя мяне, не правяраюць”, – кажа Кузьмін.
Расказвае, што перад мінулымі выбарамі з надуманых прычын забіралі ў яго стрэльбу. Ніякіх парушэньняў не выявілі: “Зброю вярнулі, але без ударніка ў адной рулі і ў чужым футарале”.
Вадзім Кузьмін лічыць, што на яго чыніцца псыхалягічны ціск, і баіцца, што ў кватэру могуць падкінуць што заўгодна – набоі ці нават наркотыкі.
С. Горкі