Панядзелак, 23 Верасень 2019

Перадвыбарчая руціна ў Віцебску: палітычныя партыі толькі прачынаюцца

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Палітычныя партыі, якія, па лёгіцы, мусяць быць авангардам перадвыбарчай гонкі, паводзяць сябе так, быццам аніякай выбарчай кампаніі няма ўвогуле. Магчыма, яны чакаюць рэгістрацыі сваіх прадстаўнікоў праз партыйныя зьезды, каб потым прадэманстраваць выбаршчыкам выбітны прапагандысцкі крэатыў...

Рэдкія і малалюдныя партыйныя пікеты па зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі, адсутнасьць назіральнікаў у Віцебскай абласной і акруговых камісіях, маўчаньне ў СМІ. Усё гэта адбываецца на фоне актыўнай працы грамадзкіх аб'яднаньняў, якія зарэгістравалі ўжо 49 назіральнікаў у выбаркамы ўсіх узроўняў.

Два кандыдаты ад калектываў

Пакуль што толькі два працоўныя калектывы ў Віцебску скарысталіся правам вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Гэта калектыў турысцка-гасцінічнага комплексу “Лучоса”, які вылучыў свайго кіраўніка Дзьмітрыя Ягорава, і супрацоўнікі Віцебскай ЦЭЦ, якія “далі дабро” намесьніку дырэктара прадпрыемства Аляксандру Каплеўскаму.

Чым займаюцца ўлады

Адміністрацыі раёнаў гораду вядуць падрыхтоўку да фармаваньня ўчастковых камісій.

Яны зьвярнуліся да палітычных партый ды іншых грамадзкіх аб'яднаньняў, да працоўных калектываў і грамадзянаў з просьбай падаваць дакумэнты кандыдатаў у сябры ўчастковых выбарчых камісій. Неабходнай умовай разгляду кандыдатуры будзе наяўнасьць у кандыдата характарыстыкі яго службовых і асабістых якасьцяў.

Сродкам масавай інфармацыі няма пра што пісаць

Адсутнасьць рэальнай палітычнай барацьбы за права працаваць у парлямэнце спараджае інфармацыйны вакуўм у сродках масавай інфармацыі.

Аднак ёсьць і “станоўчыя” прыклады.

Прыкладам, на старонках інтэрнэт-сайтаў раённых газэт “Родныя вытокі” (Докшыцкі раён), “Весьнік Глыбоччыны”  і “Патрыёт” (Вушацкі раён) ад пачатку выбарчай кампаніі як мінімум восем раз згадваўся дзейны старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка. Нагоды былі розныя: адкрыцьцё дзіцячага садку ў Докшыцах, увядзеньне ў эксплёатацыю корпусу цэнтральнай раённай больніцы ў Глыбокім, адкрыцьцё пасьля мадэрнізацыі і капрамонту ясьляў-садку ў Вушачах.

Магчымай разгадкай такой пільнай мэдыйнай увагі дзяржаўных мясцовых СМІ да асобы сьпікера парлямэнту Уладзімера Андрэйчанкі зьяўляецца ягоны намер зноў стаць дэпутатам. Аб гэтым сьведчыць факт рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22.

Леанід Сьвецік, назіральнік

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.