Чацвер, 19 Верасень 2019

Невядомы мужчына напаў на аднаго зь пікетоўцаў у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Перадвыбарчы пікет Ірыны Яскевіч Перадвыбарчы пікет Ірыны Яскевіч

На неадэкватныя паводзіны аднаго зь віцяблян справакавалі лёзунгі “Не расейскай акупацыі!” і “Не саюзнай дзяржаве!”, зь якімі пікетавалі ў цэнтры Віцебску сябры ініцыятыўнай групы старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Ірыны Яскевіч. Мужчына накінуўся на аднаго зь пікетоўцаў, садраў зь ягонай вопраткі плякат і рэціраваўся…

Але нападніка пасьпелі сфатаграфаваць і нават зьняць на відэа. Сябра Віцебскай абласной камісіі па выбарах Павал Левінаў, які стаў сьведкам здарэньня, параіў зборшчыкам подпісаў зьвярнуцца ў міліцыю для прыцягненьня грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасьці.  

“Так паводзіць сябе нельга. Калі табе нешта не падабаецца, то гэта ня значыць, што ты маеш права накідвацца, нешта зрываць ці чыніць іншыя супрацьпраўныя дзеяньні”, – сказаў Павал Левінаў.

 

Мужчына, які садраў плякат 

Сябры ініцыятыўнай групы Ірыны Яскевіч паведамілі, што аркушы з надпісамі “Не расейскай акупацыі!” і “Не саюзнай дзяржаве!” мусяць нагадаць віцяблянам пра каштоўнасьці дзяржаўнага сувэрэнітэту краіны.

 

“Мы атрымалі незалежнасьць і не зьбіраемся яе губляць”

“Мы атрымалі незалежнасьць і не зьбіраемся яе губляць”,  –  кажа жанчына, якая ставіць подпіс у падтрымку Ірыны Яскевіч.  

Але падыходзілі да пікетоўцаў і людзі зь іншымі поглядамі. Гэтак, пажылы мужчына даводзіў, што 90 адсоткаў насельніцтва Беларусі прагне аб'яднацца ў адну дзяржаву з Расеяй. Што праўда, з такой катэгарычнасьцю не пагаджаліся нават выпадковыя мінакі.

Ірына Яскевіч

"Тэма незалежнасьці закранае кожнага грамадзяніна Беларусі. Людзей палохае, напрыклад, што з прыходам сюды расейскага бізнэсу пацерпяць беларускія прадпрымальнікі. Многіх турбуе, што пасьля аб’яднаньня беларускія вайскоўцы могуць патрапіць у гарачыя кропкі. Беларусам гэта ня трэба. Мы – мірныя людзі! Мы за незалежную Беларусь і нацыянальныя каштоўнасьці”, – кажа Ірына Яскевіч.

 

“Я не баюся казаць праўду”

Калі людзі пытаюцца, што можа прапанаваць ім дэмакратычная кандыдатка, Ірына  адказвае:

“Я трэці раз імкнуся патрапіць у парлямэнт, хаця такіх людзей там не чакаюць. Праўладныя дэпутаты, якія патрапяць у парлямэнт вызначаюцца загадзя, але яны ня будуць там адстойваць народныя інтарэсы і гаварыць праўду. Яны не выходзяць да людзей, бо ім няма чаго сказаць і прапанаваць беларусам. Я не баюся казаць праўду, бо добра ведаю: сёньняшні стан краіны вымагае рэформаў, безь якіх у нас з вамі ня будзе дабрабыту”.

 

“Дыскусіі – гэта добра”

Падыходзілі да пікету і маладзёны, якія будуць  удзельнічаць у выбарах упершыню. Многія моманты выбарчага працэсу ім  пакуль што незразумелыя. Актывістка Тацяна Севярынец цярпліва і падрабязна адказвала на іх пытаньні.

Тацяна Севярынец падчас пікетаваньня

“Тыя, хто меў на мэце падтрымаць Ірыну Яскевіч, моўчкі ставілі свае подпісы, а тыя, каго абурае нашая актыўнасьць, пераходзілі на падвышаны тон у размове ці нават на крык. Я лічу, што сёньняшні пікет быў пасьпяховым. Пытаньні былі розныя. Дыскусіі – гэта добра, яны мусяць разварушыць гэтае балота”, – падсумавала Тацяна Севярынец.

Ініцыятыўная група Ірыны Яскевіч плянуе і надалей ладзіць пікеты ў цэнтры гораду. Адзінай рэальнай перашкодай для збору подпісаў застаецца пакуль толькі непагадзь.

С. Горкі