Крымінальную справу на падставе арт. 369 КК распачалі супраць Вольгі Жураўскай ў АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску.
Паводле пастановы, блогерка разьмясьціла на сваім ютуб-канале відэаролік «Няпрошаныя госьці / Працяг гісторыі», а таксама камэнтар да яго, у якіх маюцца выказваньні з нэгатыўнай ацэнкай старшага інспэктара аддзелу аховы правапарадку маёра міліцыі Андрэя Шчаглова. Тым самым, на думку міліцыянтаў, Жураўская «публічна абразіла апошняга як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў».
Як мяркуе сама блогерка, міліцыянта Шчаглова абразіў верш у камэнтарах пад відэа, які быў апублікаваны, як сьцьвярджае Жураўская, адным з падпісчыкаў каналу. Па словах Жураўскай, аўтар камэнтару ўжыў ў вершы слова «казёл» і параўнаў супрацоўніка міліцыі з гамадрылам.
Блогерка запэўнівае, што вершаваны камэнтар пісала не яна, а сам верш быў пазьней кімсьці выдалены. Прычым выдалілі яго ў той час, калі аўтарка блогу ня мела доступу да свайго каналу.
У сьнежні 2019 году блог «Здымаць дазволена» на youtube быў узламаны невядомымі асобамі. Крыху пазьней у кватэры блогеркі адбыўся ператрус, падчас якога міліцыянты канфіскавалі ўсю тэхніку. Па словах Жураўскай, усе яе відэакамэры і кампутары дагэтуль знаходзяцца ў сьледчым камітэце.
Між тым, у відэароліку «Няпрошаныя госьці» гучаць таксама словы «мудак» і «хрэн». Але паводле Жураўскай, лінгвістычная экспэртыза, праведзеная падчас праверкі па папярэдняй заяве міліцыянта Шчаглова, не прызнала іх зьневажальнымі. Праверка праводзілася на датычнасьць блогеркі да злачынства паводле арт. 189 КК (Абраза). Крымінальная ж справа заведзеная на падставе арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).
«Сьледчы мне сказаў, што такое было распараджэньне зьверху. Дык будуць, значыцца, капаць усё. Ну, сьцьвярджаць не магу, але, відаць, хочуць мяне пакараць», – кажа Вольга Жураўская.
Артыкул 369 КК РБ прадугледжвае пакараньне грамадзкімі працамі, альбо штрафам, альбо арыштам, альбо абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў.
Зьміцер Міраш