Панядзелак, 17 Люты 2020

На журналіста Зьмітра Лупача склалі яшчэ адзін пратакол за парушэньне заканадаўства аб СМІ

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Зьміцер Лупач на судзе. Фота: facebook.com Зьміцер Лупач на судзе. Фота: facebook.com

На журналіста-фрылянсэра з Глыбокага Зьмітра Лупача міліцыянты склалі чарговы пратакол. Гэтым разам адміністрацыйны перасьлед распачаў Шаркоўшчынскі РАУС, паведамляе служба маніторынгу «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Журналіста ў Глыбокім наведаў старшы інспэктар аддзела аховы правапарадку і прафіляктыкі Шаркоўшчынскага РАУС Андрэй Курэц і склаў на яго пратакол за парушэньне заканадаўства аб СМІ паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»).

Падставай для адміністрацыйнай справы стаў сюжэт на тэлеканале «Белсат» пра дзіцячую пляцоўку ў гарадзкім пасёлку Шаркоўшчына.

Зьміцер Лупач ня лічыць сябе вінаватым і зьвяртае ўвагу, што ён не вырабляе прадукцыю СМІ. Чарговы пратакол журналіст лічыць перасьледам з боку ўладаў за прафэсійную дзейнасьць.

Нагадаем, сёлета ў Зьмітра Лупача гэта трэцяя па ліку адміністрацыйная справа паводле арт. 22.9 КаАП. 10 студзеня судзьдзя Пастаўскага раённага суду Натальля Максімовіч пакарала журналіста штрафам за супрацу з тэлеканалам «Белсат». А 27 студзеня судзьдзя Глыбоцкага суду Станіслаў Трапук вярнуў справу ў міліцыю на дапрацоўку.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.