Нядзеля, 06 Май 2018

Рэдактар «Вольнага Глыбокага»: Папяровыя газэты праіснуюць яшчэ 10-15 гадоў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Уладзімер Скрабатун Уладзімер Скрабатун

У Сусьветны дзень свабоды прэсы, які штогод адзначаецца 3 траўня, «Віцебская Вясна» папрасіла рэдактара адзінай зарэгістраванай на Віцебшчыне недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газэты «Вольнае Глыбокае» Ўладзімера Скрабатуна на прыкладзе ўласнага выданьня прасачыць лёс папяровых незалежных СМІ на Беларусі.

Спадар Уладзімер, распавядзіце нашым чытачам, як нарадзілася незалежная газэта «Вольнае Глыбокае», і што гэта быў за час.

Першы нумар газэты «Вольнае Глыбокае» пабачыў сьвет на Каляды 1994 году. Той нумар, як і пару наступных, дапамог зьвярстаць і надрукаваць рэдактар газэты «Выбар» Барыс Хамайда.

Які гэта быў час? Найперш, час вялікай грамадзкай актыўнасьці. Беларусь толькі што стала незалежнай краінай. Тады на тэрыторыі Віцебшчыны, не кажучы ўжо пра ўсю Беларусь, выдаваўся не адзін дзясятак газэт. Прыгадваю, як выходзілі паўнавартасныя газэты ў Новалукомлі, Воршы, Віцебску, Паставах… Выходзілі і дзясяткі іншых, малафарматных, якія саматужна выраблялі грамадзкія актывісты фарматам А-4.

Зьяўленьне на сьвет газэты «Вольнае Глыбокае» – гэта зьбег пэўных акалічнасьцяў. Выданьне магло застацца газэтай-аднадзёнкай, якіх у 1994 годзе было процьма. Аднак абставіны склаліся так, што пасьля майго пераезду з Латвіі на радзіму я ня мог уладкавацца на працу па сваёй спэцыяльнасьці інжынэра-будаўніка. Не паверыце, але жывучы ў Латвіі, дзе працаваў прарабам і начальнікам участку, пісаў краязнаўчыя матэрыялы і адсылаў у глыбоцкую раённую газэту «Веснік Глыбоччыны», якая публікавала іх зь вялікай ахвотай.

У пошуках новай працы наведваў аддзелы кадраў глыбоцкіх прадпрыемстваў, дзе пасьля прагляду маёй працоўнай кніжкі задавалі адно і тое ж пытаньне:

– Вы – той самы Скрабатун, які піша пра гісторыю Глыбокага ў «Весніку Глыбоччыны»?

- Так.

- Інжынэры нам патрэбныя. Мы Вам патэлефануем. Чакайце…

Але ніхто не тэлефанаваў. Тады ўсьвядоміў, што такія «разумныя» нідзе ў Глыбокім непатрэбныя! Гэта ж ня Латвія, дзе пасля апублікаванага ў гарадзкой газэце «Ventas Balss» («Голас Вэнты») матэрыялу табе на працы паціскаюць руку ўсе – ад простага рабацягі да дырэктара прадпрыемства.

Сталася так, што хобі (краязнаўства) ператварылася ў прафэсію. Давялося самому ствараць сабе працоўнае месца. Пачаў не ад выпадку да выпадку, а стала выдаваць газэту.

На пачатку 1990-х паўнавартасную газэту без рэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі можна было выдаваць накладам да 499 асобнікаў, потым плянку зьнізілі да 299. Існавала добрая магчымасьць для любой сям’і, любога грамадзкага актывіста выдаваць сваю газэту па інтарэсах: краязнаўчую, гістарычную, кулінарную, прыродазнаўчую, для рыбаловаў, аматараў кветак… Шмат было газэт, якія выдавалі прадпрымальнікі.

Большы наклад, праўда, вымагаў рэгістрацыі ў якасьці прадпрымальніка. Потым пачаліся абмежаваньні – і толькі юрыдычныя асобы сталі мець права выдаваць газэту.

З кожным годам дзяржава сваімі заканадаўчымі актамі зьніжала колькасьць газэт. На сёньня ў Беларусі засталося ўсяго 13 рэгіянальных выданьняў (бязь Менску).

Пры гэтым, калі кажаш людзям, што, напрыклад, у Галяндыі няма закону аб друку – здзіўляюцца. Ня вераць, што такое можа быць. Друк ёсьць, а закону аб друку няма! Рэгістравацца там трэба толькі ў якасьці падаткаплацельшчыка.

Прыгадайце, калі ласка, пэрыяд росквіту вашага выданьня і падзяліцеся сваімі развагамі наконт адмены забароны на падпіску для «Вольнага Глыбокага», якая існавала ажно з 2005 году.

У 2004 годзе наклад газэты «Вольнае Глыбокае» дасягнуў 3500 асобнікаў, зь якіх 2400 атрымоўвалі падпісчыкі. Мяркую, дасягнулі б і накладу ў 5000 асобнікаў, бо разлічвалі на чытачоў з Полацку і Наваполацку, дзе жыве шмат глыбачанаў. Аднак надышоў 2005 год, год прэзідэнцкіх выбараў. У студзені 2005 году Белпошта разарвала з намі дамову на падпіску. Больш таго, зь Менску ў Глыбокае прыехала намесьніца кіраўніка Белпошты, каб угаварыць глыбоцкае раённае начальства закрыць «антыпрэзыдэнцкую газэту "Вольнае Глыбокае"». Дзіўна, Белпошта, якая мусіла б зарабляць на распаўсюдзе, ініцыюе закрыцьцё выданьня, беручы на сябе ролю Міністэрства інфармацыі!

Між тым глыбоцкія ўлады не падтрымалі ініцыятыву Белпошты. Чаму? Напэўна, палічылі, што будзе больш карысьці, калі яна застанецца. Перадусім, улады разумелі, што «Вольнае Глыбокае» робіць дадатны ўплыў на стварэньне новай глыбоцкай ідэнтычнасьці. Нашы матэрыялы – унікальныя, і ніколі яны не былі пададзеныя ні ў кнігах, ні ў даведніках, ні ў энцыкляпэдыях. Разумелі, што раённая газэта «Веснік Глыбоччыны» і недзяржаўная «Вольнае Глыбокае» – абсалютна розныя выданьні, якія не канкуруюць між сабой. Дый, зрэшты, надоі малака, пасяўная, жніво, ухваленьне начальства – ня тэмы для «Вольнага Глыбокага».

Між тым забарона на падпіску для «Вольнага Глыбокага» (як і для газэт «Інтэкс-прэс» і «Газэты Слонімскай») доўжылася 12 гадоў. Дазволілі ізноў зь ліпеня 2017 году. Кардынальна зьмянілася сытуацыя! Вясковыя пошты пазачынялі! Зьмянілася пакаленьне чытачоў, зьменшылася колькасьць насельніцтва. Затрымкі заробкаў на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах сталі нормай – ня ўсім цяпер газэта па кішэні.

Як Вы мяркуеце, ці ёсьць пэрспэктыва ў папяровых вэрсіяў газэт, і зь якімі цяжкасьцямі ім давядзецца сутыкнуцца ў будучыні?

Вярнуцца на пазыцыі студзеня 2005 г. ужо немагчыма. Трэба ствараць сваю сетку распаўсюду, праводзіць розныя акцыі і конкурсы, каб зацікавіць чытачоў набываць газэту.

З грамадзка-палітычных газэт на Віцебшчыне засталося цяпер хіба толькі «Вольнае Глыбокае». Добрая некалі віцебская газэта «Віцебскі кур’ер», якую масава чыталі ў Глыбокім, мае толькі інтэрнэт-вэрсію.

Што тычыцца далейшага лёсу выданьня папяровых вэрсіяў газэт, то ён ня дужа аптымістычны. Сапраўдным канкурэнтам для газэтаў, якія выходзяць раз на тыдзень, стаў кожны, хто стварыў сваю старонку ў «Аднаклясьніках» ці «Фэйсбуку». Такіх – мільёны! Яны ў рэжыме онлайн папаўняюць свой кантэнт зь любога масавага мерапрыемства ці важнай падзеі. Газэта, якая выйдзе праз тыдзень, будзе падаваць ужо састарэлую інфармацыю, і купляць яе ня будуць.

Натуральна, з улікам найстарэйшай узроставай катэгорыю чытачоў і іх запатрабаваньняў да кантэнту, газэты праіснуюць яшчэ 10-15 гадоў. Але моладзь газэт не чытае, як не чытае і сярэдняе пакаленьне. Чытаюць тыя, каму за 50. А што іх цікавіць? Здароўе. Сад-агарод. Аналітычныя матэрыялы. Юрыдычныя кансультацыі. Краязнаўства, гісторыя. Матэрыялы пра цікавых людзей, якія жывуць побач. Сацыяльныя пытаньні. І такой арыгінальнай інфармацыі не дадуць ніякія сацыяльныя сеткі, дзе хто хоча, той сам сабе журналіст.

С. Горкі