Чацвер, 12 Красавік 2018

Журналісту пагражаюць судом за фотаздымак з трыма дзяўчатамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяржук Серабро Сяржук Серабро Фота: https://baj.by

Рэдактар «Народных навінаў Віцебску» Сяржук Серабро напісаў артыкул « На Дзьвіне ў Віцебску пачалася паводка, ці затопіць разводзьдзе Залатую рыбку на набярэжнай?» і аздобіў тэкст уласнымі фотаздымкамі. Пасьля таго, як артыкул — дарэчы, без аніякіх спасылак на аўтарства — трапіў у сацыяльную сетку «УКантакце», журналіст атрымаў спачатку прапановы выдаліць адно фота, а потым паведамленьне пра заяву ў міліцыю.

У артыкуле гаварылася пра вясновае падвышэньне ўзроўню вады ў Дзьвіне. На адным з фотаздымкаў бачна, што вада падтапіла набярэжную: трое дзяўчат стаяць на борціку-парэнчах, які ўзвышаецца над хвалямі менш як на паўмэтры.

Сяржук Серабро кажа, што дзяўчаты бачылі, як ён фатаграфуе і іх, і навакольныя краявіды. І што ніхто не выказваў пратэстаў. Прэтэнзіі пачаліся пасьля таго, як артыкул з фотаздымкамі быў перадрукаваны ў пабліку «Это Витебск, детка!», кажа аўтар:

— На старонцы «УКантакце» мой артыкул быў перадрукаваны без спасылкі. Калі чытачы пачалі яго камэнтаваць, то аказалася, што частка камэнтароў прысьвечаная зьнешнасьці дзяўчат. Пэўна, нетактоўныя і агрэсіўныя камэнтары іх і абурылі. Але гэта ня мае дачыненьня да фота, а сьведчыць хіба толькі пра культурны ўзровень камэнтатараў. Тым ня менш, супраць іх дзяўчаты зьвяртацца ў суд не зьбіраюцца. Мне ж паведамілі, што хочуць ініцыяваць крымінальную справу супраць мяне паводле артыкулу 179 (Незаконнае зьбіраньне або распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыцьцё).

Журналіст распавёў, што спачатку дзяўчаты патэлефанавалі і запатрабавалі выдаліць фотаздымак з артыкулу. Ён адмовіўся гэта рабіць, бо ня ўбачыў у патрабаваньні аніякіх рацыянальных падставаў. Пазьней адна зь дзяўчат паведаміла, што напісала заяву ў міліцыю. Пра тое ж яна апавясьціла адміністратара суполкі «УКантакце».

Пакуль што аніякіх дзеяньняў з боку віцебскіх міліцыянтаў не было, — дадае Сяржук Серабро.

“У гэтай сытуацыі няма падставаў для прыцягненьня да адказнасьці паводле артыкулу 179 КК РБ. Разьмешчаны на сайце фотаздымак ніяк не ідэнтыфікуе асобаў, якія на ім адлюстраваныя. І тым больш, не раскрывае ніякай таямніцы іх асабістага жыцьця”, — перакананы юрыст ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў.

“Безумоўна, у журналіста ёсьць абавязак атрымліваць згоду фізычных асобаў на правядзеньне аўдыё- і відэазапісу, кіна- і фотаздымкаў, за выключэньнем іх правядзеньня ў месцах, адкрытых для масавага наведваньня, на масавых мерапрыемствах, — зазначае юрыст Агееў. — Мяркуючы па фотаздымку, ён зроблены ў публічным месцы, адкрытым для масавага наведваньня. На здымку адлюстраваныя пэйзажы гораду Віцебску. Таму ў гэтым выпадку журналіст не абавязаны быў атрымліваць згоду людзей, якія трапілі ў кадар”.

baj.by