Серада, 09 Май 2018

Ахоўнікі “Паліміру” перашкодзілі спробам актывістаў “Вясны” зьняць відэа

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ахоўнікі “Паліміру” перашкодзілі спробам актывістаў “Вясны” зьняць відэа Фота: gazeta.naftan.by

6 траўня актывісты кампаніі “Вясны” “За чыстае паветра ў Наваполацку” Зьміцер Салаўёў і Тацяна Мастыкіна зьбіралі подпісы за мадэрнізацыю ачышчальных збудаваньняў на хімічным заводзе “Палімір”. Пасьля збору подпісаў актывісты накіраваліся ў бок заводу “Палімір” ААТ “Нафтан”, каб зрабіць фота– і відэаздымкі яго навакольля, але падчас відэаздымак сутыкнуліся зь перашкодай з боку аховы заводу.

Выйшаўшы з прахадной, ахоўнік пачаў хапаць за рукі Тацяну Мастыкіну, якая рабіла відэаздымкі. Ахоўнік спрабаваў зацягнуць актывістку на тэрыторыю заводу. Пасьля няўдалай спробы ён выклікаў на дапамогу іншых ахоўнікаў. Іх асноўным аргумэнтам было тое, што ажыцьцяўляць здымкі на тэрыторыі завода забаронена, хоць актывісты знаходзіліся побач з заводам.

Каардынатар кампаніі “За чыстае паветра ў Наваполацку” Зьміцер Салаўёў, камэнтуючы падзею, распавёў:

“На тэрыторыю заводу мы не заходзілі і нават не зьбіраліся. Вуліца Прамысловая ў горадзе Наваполацку гэткай не зьяўляецца. Трубы заводу бачна аж у Полацку. У такім выпадку, зыходзячы зь лёгікі ахоўнікаў, наогул трэба забараніць здымку краявідаў Наваполацку. Мы прасілі ахоўнікаў прадставіць нарматыўны акт ці паказаць знакі, якія забараняюць ажыцьцяўляць здымку каля тэрыторыі заводу. Для навапалачан праблема экалёгіі вельмі актуальная, і яны ўсе разумеюць, што заводы ня спыніш, але палепшыць сытуацыю можна”.

Наваполацак зьяўляецца адным з самых забруджаных гарадоў Беларусі (выкіды ў атмасфэрнае паветра шкодных рэчываў штогод складаюць больш за 50 000 тон). Тэрыторыя Наваполацку і прылеглых раёнаў пастаянна падвяргаецца нэгатыўным ўзьдзеяньням з боку прадпрыемстваў прамысловасьці.

spring96.org