У пятніцу 8 траўня ў Віцебску былі затрыманыя шэсьць жыхароў Віцебску, якія 3 траўня бралі ўдзел у «кармленьні галубоў». Віцяблян запрасілі ў аддзел аховы грамадзянскага правапарадку Чыгуначнага раёну для дачы тлумачэньняў, пасьля гэтага сувязь зь імі перарвалася. Найверагодней, што людзей на ўсе выходныя зьмясьцілі да суду ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў удзельніка «кармленьня галубоў» віцябляніна Алега Баразну вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП) і аштрафаваў яго на 20 базавых велічынь. Ноч з 7 на 8 траўня мужчына правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. У суд яго не прывозілі – паседжаньне ладзілася праз Skype.

24 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы віцебскай блогеркі Вольгі Жураўскай («Снимать разрешено»). Пратакол на яе быў складзены паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Блогерку судзілі за тое, што 20 сакавіка ў памяшканьні сьледчага камітэту яна сеяла паніку і кашляла на супрацоўнікаў, да таго ж – здымала ўсё на камэру.

8 красавіка Віцебскі абласны суд у анлайн-рэжыме разгледзеў скаргу старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхолы Шараха на пастанову Полацкага суду, які 2 сакавіка аштрафаваў яго на 405 рублёў за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Скаргу разглядала судзьдзя Сьвятлана Іванова праз Skype.

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 31 сакавіка задаволіў скаргу прызыўніка Андрэя Крычаўцова, якому гарадзкая прызыўная камісія адмяніла адтэрміноўку ад службы ў войску. Пра гэта паведаміў сябра простага таварыства «Грамадзкі камітэт упаўнаважаных па правах чалавека «Правы для ўсіх» Павал Левінаў, які ўдзельнічаў у працэсе ў якасьці прадстаўніка грамадзкасьці.