Серада, 30 Верасень 2020

Севярынцаў пакаралі за «пікетаваньне» ва ўласнай кватэры

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Сьцяг на лёджыі Севярынцаў Сьцяг на лёджыі Севярынцаў

30 верасьня суд Першамайскага раёна Віцебску прызнаў Тацяну і Канстанціна Севярынцаў вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Судзьдзя Міхаіл Юрчанка расцаніў маханьне бел-чырвона-белым сьцягам на лёджыі як несанкцыянаванае пікетаваньне.

Судовыя паседжаньні над сужэнцамі Севярынец праходзілі асобна: спачатку судзьдзя разгледзеў адміністрацыйную справу Тацяны, потым – Канстанціна, які на суд не прыйшоў.

Мірнае шэсьце, за ўдзел у якім на Тацяну і Канстанціна Севярынцаў былі складзеныя пратаколы, адбылося 30 жніўня. Тады па праспэкце Будаўнікоў у Віцебску праходзіла калёна гараджан, некаторыя грамадзяне віталі шэсьце з бальконаў. Сярод іх былі Севярынцы, а таксама Алена Янушкоўская (за ўдзел у «акцыі на гаўбцы» яе ўжо аштрафавалі на 945 рублёў).

Згодна з пратаколам, Тацяна «знаходзілася ў грамадзкім месцы – на лёджыі ў сваёй кватэры і на вачах у іншых грамадзян брала актыўны ўдзел у пікетаваньні: выказвала грамадзка-палітычныя інтарэсы з выкарыстаньнем бел-чырвона-белага палотнішча, зьвяртала на сябе ўвагу мінакоў, дэманстравала жэсты рукамі».

Судзьдзя Міхаіл Юрчанка запытаў, ці зьвярталася актывістка ў адміністрацыю па дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства, чым выклікаў сьмех у залі.

«Як гэта зразумець? Што грамадзкае месца – гэта мая кватэра? Я мусіла бегчы ў адміністрацыю Першамайскага раёну і прасіць дазволу выйсьці на лёджыю? Якое можа быць пікетаваньне ва ўласнай кватэры?» – з абурэньнем пыталася актывістка.

Тацяна Севярынец (справа) і блогерка Алена Янушкоўская пасьля суду 

На судзе было прагледжанае міліцэйскае відэа, на якім былі бачныя тры чалавекі на лёджыі зь вялікім бел-чырвона-белым сьцягам.

Судзьдзя прыняў рашэньне аштрафаваць Тацяну Севярынец на 25 базавых велічынь (675 рублёў), а яе мужу Канстанціну вынес папярэджаньне, бо для яго гэта была першая за год адміністрацыйная справа.

У гэты ж дзень у судзе Першамайскага раёну мусіў быў прайсьці працэс над актывістам Алегам Паўлавым, але, як высьветлілася, яшчэ да суду ён быў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА (раней быў асуджаны 8 сутак). Выязное судовае пасяджэньне (судзьдзя Вераніка Барысава) адбылося ў ІЧУ, вынік пакуль невядомы.

30 верасьня ў судзе Кастрычніцкага раёну меліся таксама разгледзець справу, заведзеную ў дачыненьні да студэнткі мэдунівэрсітэту Паліны Нітчанка, але судзьдзя Царыкаў перанёс паседжаньне на 12 кастрычніка.

Уладзімер Бяляўскі