Панядзелак, 03 Жнівень 2020

«Гэта страшна!» Справу дзяўчыны, якую затрымалі за велапрабег, вярнулі на дапрацоўку

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Вольга Бабінская каля суду Вольга Бабінская каля суду

3 жніўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску меўся адбыцца суд над віцяблянкай Вольгай Бабінскай, якая пасьля затрыманьня 31 ліпеня правяла трое сутак у ізалятары. Дзяўчыну вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1, арт. 23.34) – велапрабегу. Вольгу прывезьлі ў суд толькі пасьля абеду, але разгляд справы так і не адбыўся – матэрыялы вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю.

За роварную прагулянку – затрыманьне і суд

У мінулую пятніцу праз тэлефон Вольгу Бабінскую выклікалі ў пункт аховы правапарадку Чыгуначнага раёну Віцебску. Адтуль яе ўжо ня выпусьцілі. Дзяўчыну затрымалі і пад канвоем адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

Як пазьней даведаліся бацькі віцяблянкі, падставай для затрыманьня стала велапрагулка, удзел у якой браў дзясятак маладзёнаў, у тым ліку і іх дачка. Праваахоўнікі палічылі гэты велапрабег несанкцыянаваным мерапрыемствам. Раварысты ня мелі пры сабе ніякай агітацыйнай атрыбутыкі, не выкрыквалі ніякіх лёзунгаў, але міліцыянтам не спадабалася, што яны былі ў саколках з сымбалямі штабу Ціханоўскай.

Падтрымаць Вольгу прыйшла цэлая грамада

Ад самай раніцы ля будынку суду Чыгуначнага раёну сабралася шмат паплечнікаў і сябраў дзяўчыны. Да апошняга моманту ані бацькі, ані адвакат ня ведалі, калі пачнецца разгляд справы. Такой інфармацыяй не валодаў нават суд. Марнымі сталіся і тэлефанаваньні бацькоў у розныя міліцэйскія інстанцыі. Маці Вольгі, інвалід другой групы, вымушаная была правесьці на нагах больш за 5 гадзінаў.

Перад судом Чыгуначнага раёну

На той момант, як дзяўчыну прывезьлі ў суд, яе віталі дружнымі воплескамі каля 30 чалавек.

Але суд так і не адбыўся. Праз гадзіну чаканьня судовая сакратарка абвясьціла, што паседжаньня не адбудзецца, бо матэрыялы справы маюць шмат недапрацовак. Вольгу разам з адвакатам зноў пасадзілі ў міліцэйскую машыну і адвезьлі ў РАУС – «на дапрацоўку». Пазьней стала вядома, што праз гадзіну дзяўчыну вызвалілі, цяпер яна ўдома. Калі адбудзецца разгляд справы, ёй не паведамілі.

«Нікому не пажадаю гэта зьведаць!»

Вольгу ўразіла салідарнасьць паплечнікаў, але, як высьветлілася, ня менш уразілі яе антычалавечыя ўмовы ўтрыманьня ў ІЧУ.

«Я нікому не пажадаю гэта зьведаць. Гэта насамрэч страшна! Я хатні чалавек. Для мяне гэтыя ўмовы – нечалавечыя. Калі разам стаяць унітаз, ракавіна і ложкі. Ня надта было прыемна. Я «жыла» на верхнім ярусе. Ежу, калі шчыра, ня ела», – падзялілася ўражаньнямі Вольга.

Яна дагэтуль ня можа зразумець, як можна затрымліваць людзей толькі за тое, што яны катаюцца на ровары.

«Мы проста каталіся на роварах, а ў пратаколе напісана: «за арганізацыю масавых несанкцыянаваных дзеяньняў». Заклікі да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве зьявіліся нібыта ў нашай групе ў тэлеграм-канале, але нікога мы да ўдзелу не заклікалі. Калі ішла ў міліцыю, ня думала нават, што скончыцца ізалятарам і адміністрацыйнай справай», – прызнаецца дзяўчына.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.