10 траўня сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі з райцэнтра Дуброўна прыяжджаў у Воршу і разам з аднадумцамі карміў галубоў на плошчы Леніна. Наступствамі сталі міліцэйскія пратаколы, а потым – суд. Чамураку прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП) і прысудзілі да 12 сутак арышту, паведаміла Беларуская Радыё Рацыя.

12 траўня суд Пастаўскага раёну аштрафаваў афіцэра ў адстаўцы расейскай паліцыі Андрэя Новікава на 30 базавых велічынь за ўдзел у стрыме Ціханоўскага, які адбыўся ў Варапаеве. Новікава затрымалі ў ягоным доме ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну 8 траўня і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён прабыў трое сутак.

Журналіста з Глыбокага Зьмітра Лупача, якога пасьля суду забрала хуткая дапамога, паклалі ў рэанімацыю. 11 траўня судзьдзя Глыбоцкага суду Дзьмітрый Тарасевіч прысудзіў яму 10 сутак арышту і 45 базавых велічынь штрафу – за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (ч.1 арт. 23.34 КаАП) і за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ (ч.2 арт. 22.9), паведамляе «Белсат».

Удзельнікаў стрымаў блогера Сяргея Ціханоўскага, якія праходзілі на Віцебшчыне, абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы. Суды праходзілі патаемна: сябрам і нават сваякам рэдка калі ўдавалася трапіць на працэсы, піша Беларускае Радыё Рацыя.

Віцяблянін Аляксандар Ільінец быў затрыманы міліцыянтамі 8 траўня. Пасьля складаньня пратаколу яго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе ён правёў да суду трое сутак. Сёньня, 11 траўня, суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў яго вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП) і пакараў 5 суткамі адміністрацыйнага арышту з улікам ужо адбытых.