Паводле міліцэйскага пратаколу, Хрыстафор Жаляпаў «20 верасня ўзяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці па вуліцы Даватара і па вуліцы Леніна, публічна выказваючы грамадска-палітычныя, асабістыя ды іншыя інтарэсы, рухаўся ў групе людзей, якія сабраліся з мэтай выказвання пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта».
Па словах Хрыстафора Жаляпава, ён не браў удзелу ў пратэставай акцыі, а ішоў асобна – сваім хросным ходам. У руках трымаў крыж і плакат з імёнамі 5 чалавек, якія загінулі ў краіне падчас мірных акцый пратэсту. «Аляксандр, Генадзь, Аляксандр, Мікіта, Арцемій» было напісана на плакаце.
«Ля крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай я прачытаў канон па нявінна забітых 5 чалавек», – паведаміў суддзі Хрыстафор Жаляпаў.
«Па праваслаўнай традыцыі трэба чыніць асаблівую малітву па забітых, і я павінен быў наведаць 7 сабораў. Я ішоў моўчкі, я нічога не выказваў. Я ішоў і маліўся, нічога палітычнага я не выказваў», – патлумачыў віцяблянін.
За вулічную малітву суддзя Вераніка Барысава вырашыла пакараць актывіста 189 рублямі штрафу.
Таксама ў гэты ж дзень у судзе Першамайскага раёну разглядалася адміністрацыйная справа за ўдзел у акцыі пратэсту ў дачыненні да Інэсы Бурлаковай. Суддзя Міхаіл Юрчанка вырашыў абмежавацца папярэджаннем.
Уладзімір Бяляўскі