У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску за ўдзел у не дазволеным уладамі шэсці 6 верасня (ч.1 арт. 23.34 КаАП) судзілі віцябляніна Аляксея Тамілава. Ягоную справу разбіраў суддзя Уладзімір Царыкаў.
Паводле пратаколу, Аляксей Тамілаў удзельнічаў у несанкцыянаваным шэсці па маршруце «вул. Леніна – Б. Хмяльніцкага – Праўды – Смаленская». Ён нібыта рухаўся ў кампаніі грамадзянаў, якія неслі бел-чырвона-белыя сцягі і скандавалі лозунгі «Ганьба!», «Лукашэнка, сыходзь!» ды іншыя.
Аляксей патлумачыў, што гэта быў ягоны першы ўдзел у масавым мерапрыемстве. Загадзя яго не планаваў, а пра тое, што шэсце не мела дазволу ад уладаў, не ведаў. Свой удзел у шэсці патлумачыў нязгодай з вынікамі сёлетніх выбараў. Перасоўванне па вуліцах гораду ўспрымаў хутчэй як прагулянку ў кампаніі людзей.
У якасці сведкі ў судовым паседжанні суддзя Царыкаў апытаў дырэктара прыватнага прадпрыемства Максіма Жукава. Ён засведчыў, што сустрэў Тамілава і нейкі час яны разам з іншымі грамадзянамі гулялі па горадзе. Ніякіх сцягоў ці плакатаў Аляксей пры сабе не меў і лозунгаў не выгукваў.
Тым не менш, суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў Аляксея Тамілава вінаватым ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння і аштрафаваў на 16 базавых велічынь (432 рублі).
У гэты ж дзень у судзе Першамайскага раёну Віцебску за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці 23 жніўня 18-гадовая студэнтка Сафія Цярэнцьева была аштрафаваная на 2 базавыя велічыні (54 рублі). Такое рашэнне было прынятае суддзём Міхаілам Юрчанкам.
Сафія Цярэнцьева
Актывістку Юлію Барсукову суддзя Першамайскага суду Вераніка Барысава за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці 11 жніўня аштрафавала на 25 базавых велічынь.
Юлія Барсукова
У той дзень Юлію разам з мужам і кіроўцам таксоўкі, які іх падвозіў, каля ГЦ «Амега» затрымалі і амапаўцы. Іх змясцілі ў ІЧУ, адкуль Юлію забрала хуткая, а муж і таксіст адседзелі ў ізалятары па двое содняў.
С. Горкі