Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 12 траўня разгледзеў адміністрацыйную справу 19-гадовай Ангеліны Туравец, затрыманай 9 мая каля плошчы Перамогі. Яе забралі толькі за тое, што назірала за афіцыйным парадам з бел-чырвона-белай усмешкай на масцы. Міліцыя ўспрыняла гэта як несанкцыянаванае пікетаванне (арт. 24.23 КаАП).

Старшыня Магілёўскага абласнога суду Ігар Прошка не задаволіў просьбу сваякоў палітыка Паўла Севярынца аб разглядзе ягонай крымінальнай справы ў адкрытым фармаце. Пра гэта паведаміла маці апазіцыйнага палітыка Таццяна Севярынец.

У судзе Віцебскага раёну 7 траўня прайшлі чарговыя слуханні ў справе жыхаркі пасёлку Ноўка Таццяны Туравец. Па версіі міліцыі, 9 лютага Туравец адмовіла міліцыянтам праводзіць вобшук у сваім доме і чыніла ім супраціў. Жанчыну абвінавачваюць паводле арт. 364 КК. У сённяшнім паседжанні суд апытаў сведкаў Рабавых, заслухаў абвінавачаную і вырашыў пытанне аб правядзенні таваразнаўчай экспертызы.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 7 траўня судзілі траіх дзяўчат – Лізавету Кірыенка, Марыю Агіевіч і Марыю Амасовіч. Усе трое знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання, таму суд праходзіў праз «Скайп». Дзяўчат прызналі вінаватымі ў несанкцыянаваным пікетаванні, якое яны нібыта здзейснілі 27-га сакавіка пад мостам імя Кірава ў Віцебску, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 7 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы за атрыманне хабару. На лаве падсудных – былы начальнік аддзелу адукацыі Першамайскага раёну Віцебску Павел Краско. Паводле артыкулу 430 КК яму пагражае да 10 гадоў зняволення. Сваю віну ён цалкам адмаўляе.