9 ліпеня суд Першамайскага раёну Віцебску, разгледзеўшы крымінальную справу віцябляніна Аляксандра Мацвеева, абвінавачанага паводле арт. 369. КК, прызнаў яго вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Суддзя Наталля Карабліна цалкам задаволіла патрабаванне пракуратуры і прысудзіла Мацвееву адзін год і шэсць месяцаў «хіміі».

8 ліпеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску скончыліся слуханні па справе былога кіроўцы-міжнародніка Аляксандра Мацвеева, якога вінавацяць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Падчас судовых спрэчак прадстаўніца пракуратуры папрасіла прызначыць Мацвееву пакаранне абмежаваннем волі («хімія») на 1 год і шэсць месяцаў.

8 ліпеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску пачаўся судовы працэс над 36-гадовым Аляксандрам Жданавым, якога абвінавачваюць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Падставай для завядзення крымінальнай справы быў каментар пад допісам пра чыноўніка Сяргея Сташэўскага, які прымушаў настаўнікаў перапісваць пратаколы выбараў. Гэта ўжо не першы ў Віцебску працэс за знявагу Сташэўскага.

7 ліпеня суд Дубровенскага раёну прызнаў даказанай віну мясцовага актывіста Міхаіла Чамуракі, абвінавачанага паводле арт. 188 КК («Паклёп»). Суддзя Марыя Цыклінская ў поўным аб’ёме задаволіла хадайніцтва пракурора і прысудзіла Чамураку тры гады абмежавання волі («хімія»). Цягам 10 дзён вырак можа быць абскарджаны ў судзе вышэйшай інстанцыі.

7 ліпеня суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні віцябляніна Аляксандра Мацвеева. Былога кіроўцу-міжнародніка абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Падставай для завядзення крымінальнай справы стаў каментар, нібыта размешчаны мужчынам 3 кастрычніка ў групе «Типичный Витебск» у Instagram.