Справу разбірае суддзя Наталля Карабліна.
Паводле пракуратуры, 25 чэрвеня 2020 году ў «Аднакласніках« на старонцы Вольгі Карач пад фота, на якім супрацоўнік ганцавіцкага ДАІ Ігар Вольніч разам з калегам затрымлівае аднаго з дэманстрантаў, Аляксандр Шматаў пры дапамозе свайго мабільнага тэлефону пакінуў каментар: «Такіх недан…аў паўсюль хапае з лішкам».
Прызнаў віну і раскаяўся
Віну абвінавачаны Шматаў прызнаў у поўным аб'ёме і чыстасардэчна раскаяўся. Абяцаў падобнага ніколі не рабіць. Прынёс Вольнічу прабачэнне на відэакамеру. Заявіў, што цалкам усвядоміў тое, што пакрыўдзіў супрацоўніка ДАІ негатыўным каментаром, і пагадзіўся кампенсаваць прычыненую маральную шкоду.
Ні Вольгу Карач, ні Ігара Вольніча Шматаў не ведаў. Па ягоных словах, на старонку Карач у стужцы «Аднакласнікаў» трапіў выпадкова. Яго абурыў факт выкарыстання супрацоўнікам МУС фізічнай сілы да дэманстранта. Палічыў ягоныя дзеянні неправамернымі, паверыў інфармацыі выкладзенай у публікацыі, паддаўся эмоцыям і вырашыў напісаць каментар. Ніякая палітычнай дзейнасцю не займаецца, дадаў.
«Падумаеш, пакрыўдзіліся на слова…»
У ходзе судовага следства Аляксандр Шматаў заявіў, што каментар тычыцца не канкрэтна Вольніча, а ўсіх трох асобаў, размешчаных на фотаздымку. Ягонае сцвярджэнне ўвайшло ў супярэчнасць з тымі паказаннямі, якія абвінавачаны даваў падчас дасудовага следства. Як ні намагаліся суддзя і пракурорка – патлумачыць прычыны разыходжання Шматаў не здолеў. Не змагла дабіцца ад Шматава ўцямнага адказу і ягоная адвакатка. Урэшце ён цалкам пагадзіўся з тымі паказаннямі, якія даваў у ходзе папярэдняга следства пасля свайго трохдзённага затрымання ў чэрвені 2021 году.
«Адно было на словах, потым другое! Ён сказаў: «Ну, ты захадзіў?». «Так, захадзіў». «Пускай так будзе». «Пускай». Ну, падпісаў. Я яго знаць не знаю. Ну, падпісаў – і ўсё. І забыў пра яго. Пакуль не прыехалі і не нагадалі. Падумаеш, пакрыўдзіліся на слова «недан…ак«. Цяпер па тэлевізары паглядзіш, там такое кажуць! А тут чамусьці за адно слова. Такое абстрактнае», - казаў абвінавачаны на судзе.
Паводле заключэння судова-лінгвістычнай экспертызы, «лексема «неданосак» – гэта груба аб неразвітым, разумова адсталым чалавеку».
«Я служыў у белпалку міліцыі. Мы таксама разганялі дэманстрацыі…»
На судзе Аляксандр Шматаў паведаміў, што праходзіў тэрміновую службу ў Менску, пасля служыў у ППС аднаго з віцебскіх раёнаў.
«Я служыў тэрміновую ў белпалку міліцыі. Таксама разганялі дэманстрацыі. Тады яны крышылі-ламалі, а тут я ня ведаю што. І паказваюць, і паказваюць з кожнага прасу. Столькі ім увагі надаюць», – недаўменна кажа Шматаў.
На пытанне суддзі, ці мае ён права ацэньваць чыесьці разумовыя здольнасці, Шматаў адказаў, што не, не мае. Зарокся хадзіць на «Аднакласнікі», паабяцаў суду, што ў далейшым будзе паводзіць сябе «нармальна» і «добра».
Судовае паседжанне скончылася агучваннем двух тамоў крымінальнай справы.
Наступнае паседжанне прызначанае на 1 кастрычніка (пачатак – 10.00).
С. Горкі