У Віцебску пачаўся працэс у справе, распачатай за абразу суддзі Вікторыі Шабуні
У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 17 лістапада пачаўся судовы працэс над Андрэем Кузняцовым, у дачыненні якога распачалі крымінальную справу за знявагу менскай суддзі Вікторыі Шабуні (арт. 391 КК РБ). Калі мужчыну прызнаюць вінаватым, яму будзе пагражаць да трох гадоў абмежавання волі. На першае паседжанне ён не прыйшоў праз хваробу. Зняважаная суддзя Шабуня таксама не з'явілася.
Аршанцу прысудзілі паўтара года «хіміі» за абразу ў «Аднакласніках» супрацоўніка МУС
Суд Аршанскага раёна і Воршы за абразу ў сацыяльных сетках работніка міліцыі прысудзіў мясцовага 55-гадовага жыхара да пакарання ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Суд таксама абавязаў аршанца выплаціць міліцыянту матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды.
Лекарку Марыну Бурбліс аштрафавалі ў Віцебску за герб Літвы на машыне
12 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу паводле арт. 24.23 КаАП, заведзеную на лекарку-пульманолага Марыну Бурбліс. Яе прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавалі на 1450 рублёў за налепку герба Літвы на багажніку аўто. На судзе стала вядома, што крышка багажніку была «няродная», яе мянялі ў Літоўскай Рэспубліцы. На ёй засталася налепка з гербом гэтай краіны. Адвакат прасіў не пазбаўляць медыка свабоды, бо яна працуе ў чырвонай зоне...
Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу полацкай мастачкі Нэлі Алфёравай
10 лістапада Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу полацкай актывісткі і мастачкі Нэлі Алфёравай на пастанову суду Полацкага раёну і гораду Полацку, які прыцягнуў яе да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч.1 арт. 19.10 КаАП («Распаўсюд нацысцкай сімволікі») і ч.2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») ды аштрафаваў на 1160 рублёў. Суддзя Ірына Смалякова, якая разглядала скаргу, пакінула пастанову без зменаў, а скаргу – без задавальнення.
Два з паловай гады «хіміі» – за абразу двух супрацоўнікаў МУС у «Аднакласніках»
5 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску вынес рашэнне ў справе, распачатай паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») у дачыненні да 41-гадовага цесляра аднаго з менскіх будтрэстаў Аляксандра Сафонава. За абразлівыя каментары пад допісамі Вольгі Карач у «Аднакласніках» суддзя Алена Жук прыгаварыла Сафонава да двух з паловай гадоў абмежавання волі – «хіміі».