Судовы працэс над Марынай Каласковай адбыўся 13 красавіка. Па матэрыялах абвінавачання, Марына Каласкова ў перыяд з 26 чэрвеня 2020 года па 27 чэрвеня 2020 года, «знаходзячыся ў горадзе Чэхаў Маскоўскай вобласці РФ, маючы злачынны намер, накіраваны на публічную абразу, знявагу гонару і годнасці, у публічнай форме абразіла прадстаўніка начальніка аддзелу ўнутраных спраў Ганцавіцкага райвыканкаму Куляшова. Выкарыстоўваючы ў якасці сродкаў ажыццяўлення злачынства сетку Інтэрнэт, шляхам электроннай перапіскі ў сацыяльнай сетцы »Аднакласнікі« наўмысна размясціла каментар пад відэа Вольгі Карач з выявай палкоўніка міліцыі Віталя Куляшова і надпісам: »Гэта я аддаў загад затрымліваць і збіваць мірных дэманстрантаў і журналістаў у Ганцавічах«. У каментары Каласковай было ўжыта слова «пачвара», але не было названа імя міліцыянта. Тым не менш, следства вырашыла, што каментар быў напісаны ў лаянкавай форме, даваў негатыўную ацэнку дзейнасці супрацоўніка ўнутраных спраў Куляшова і ўтрымліваў ненарматыўную форму выказвання, якое зняважыла гонар і годнасць прадстаўніка ўлады.
Сваю віну Марына Каласкова прызнала поўнасцю. Яна пацвердзіла, што каментар быў напісаны ёю асабіста «на эмоцыях». І што пазней яна хацела яго выдаліць, але не здолела гэта зрабіць. У жніўні 2020-га году яна працавала ў Расеі на будоўлі, але ў красавіку 2021-га году звольнілася і з тае пары жыла ў Крычаве. 1 снежня 2021-га году жанчыну затрымалі ў межах распачатай супраць яе крымінальнай справы, і на трое сутак змясцілі ў Віцебскі ІЧУ. Потым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Першапачаткова суд над Каласковай быў прызначаны на 1-га сакавіка, аднак жанчына на судовае разбіральніцтва так і не зʼявілася. Яна папярэдзіла суд, што спазняецца, працэс перанеслі на пазнейшы час, але, не дачакаўшыся падсуднай, яе абвясцілі ў вышук. Праз некаторы час жанчыну затрымалі і ўзялі пад варту.
У судзе Марына Каласкова патлумачыла, што ў яе не было сродкаў на квіток з Крычава да Віцебску.
Станіслаў Іваноўскі