Жыхарка Паставаў, асуджаная на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, вызвалілася па сцячэнні тэрміна пакарання ў лістападзе мінулага году. Па вызваленні ёй быў прызначаны прэвентыўны нагляд на адзін год. 13 лістапада суддзя Пастаўскага раённага суду Наталля Жукава працягнула жанчыне прэвентыўны нагляд яшчэ на два гады.

Суддзя суда Чашніцкага раёна Васіль Коваль 26 кастрычніка за распаўсюджванне ў сацыяльнай сетцы “экстрэмісцкіх” публікацый пакараў штрафам у памеры 1110 рублёў урача-тэрапеўта Новалукомльскай цэнтральнай раённай бальніцы Валянціну Залескую.

Суддзя суда Талачынскага раёна Алеся Саян за распаўсюджванне публікацый экстрэмісцкага зместу пастанавіў аштрафаваць на 740 рублёў слесара-рамонтніка інваліда 3-й групы Віктара Лацінскага. У 2012 годзе Віктар Уладзіміравіч быў сябрам участковай выбарчай камісіі ад жыхароў в. Рэчкі.

Пра гэта паведаміла «Хрысціянская візія». Паводле звестак рэсурсу, затрыманага 6 лістапада пастара чашніцкай царквы ХВЕ прызналі вінаватым у распаўсюдзе так званай «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі паводле ч.2 арт.19.11. Суд пакараў святара 10-ю суткамі арышту.

У кастрычніку рашэннем Віцебскага абласнога суда былі прымусова закрыты тры спартыўныя грамадскія арганізацыі: Парусна-маторны клуб «Арго», "Віцебская абласная федэрацыя кікбоксінга і тайландскага бокса" і Хакейны клуб "Паўночная Зорка". Ініцыятарам ліквідацыі выступіла Упраўленне юстыцыі Вітаблвыканкама. Пасля закрыцця гэтых арганізацый рэгіянальнае «грамадзянская супольнасць» зменшылася не менш як на 60 чалавек.