19 кастрычніка жанчыну выклікаў на размову супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віцебска Уладзіслаў Шышкавец. У выніку аб 11-й гадзіне на жанчыну склалі пратакол «за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі» (па ч. 2 арт. 19.11 КаАП) — на яе старонках у сацсетках знайшлі спасылкі амаль трохгадовай даўніны на інфармацыйныя рэсурсы, якія цяпер прызнаныя «экстрэмісцкімі». Аднак у суд Людмілу Камінскую не накіравалі ні ў той самы дзень, ні на наступны. Пасля ночы ў ізалятары часовага ўтрымання яе зноў прывезлі ў райаддзел міліцыі і склалі яшчэ адзін пратакол па тым самым артыкуле.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 7 верасня за захоўванне ў сацыяльнай сетцы спасылку на «экстрэмісцкі» інфармацыйны канал пастанавіла арыштаваць на 15 сутак інжынер-канструктара завода «Палімір» Ірыну Баранаву.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 11 кастрычніка за праявы «экстрэмізму» і правядзенне недазволенага пікету ў сацыяльнай сетцы пакарала арыштам на 30 сутак кіроўцы далёкіх рэйсаў навапалачаніна Дзмітрыя Тарбеева.

Без трэнераў па дзюдо і самба засталіся выхаванцы лепельскага філіялу Віцебскай абласной цэнтральнай школы алімпійскага рэзерву «Богатырь».У Instagram yа старонцы спартовай школы напісана наўпрост: “Усе трэнеры па самба і дзюдо звольнены з 18.10.2023, бо не выходзілі на працу 10 сутак, знаходзячыся ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання) за падпіску ў Facebook на інфармацыйныя рэсурсы, якія з 2021г. прызнаны экстрэмісцкімі – ч.2 арт.19.11 КаАП». Такім чынам адміністрацыя ўстановы перакрэсліла ўсе заслугі сям“і Паповых, якая заснавала ўласную школу самба і дзюдо ў Лепелі і ўзгадавала чэмпіёна свету па самба - знакамітага беларускага спартоўца Сцяпана Папова.

Як стала вядома, 4 кастрычніка суддзя Докшыцкага суда Вячаслаў Елісеенка прысудзіў па дванаццаць і чатырнаццаць сутак арышту двум жыхарам Докшыцкага раёна, якія з’яўляюцца супрацоўнікамі мясцовых крамаў. Жыхар горада Докшыцы Дзмітрый Слаўк атрымаў 12 сутак арышту, а жыхар гарадскога пасёлка Бягомль Міхаіл Надыкта – 14 сутак.