Таксама Дзмітрый Карняенка адстойвае роўнасць закону ў дачыненні да ўсіх грамадзянаў Беларусі. У прыватнасці, актывіст заўважыў, што адміністрацыйны артыкул, які прадугледжвае пакаранне за “распаўсюд экстрэмізму”, міліцыя ўжывае выбарачна. Пасля заўвагаў Дзмітрыя Карняенкі да такой адказнасці пачалі прыцягваць нават прыхільнікаў “рускага міра” , якія спадзяваліся, што маюць прэферэнцыі перад законам. Таксама Дзмітрый звярнуў увагу структур МУС на тое, што “лайкі” і спасылкі на так званыя “экстрэмісцкія” інфармацыйныя рэсурсы можна сустрэць і ў сацсетках тых, хто займае высокія дзяржаўныя пасады.
Актывіст прызнаны ўдзельнікам двух "экстрэмісцкіх фармаванняў" - праектаў "Народный депутат" і "Хрысціянская Візія: НЕ ВАЙНЕ". 27 сакавіка яго прызналі яшчэ і “иноагентом“ у складзе ініцыятывы «Христиане против войны».
Апрача старонкі Дзмітрыя Карняенкі у сацсетцы "ВКонтакте" той самы суд Чыгуначнага раёна Віцебска за апошні тыдзень прызнаў “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй” Telegram-канал Disident і старонку ў ТikTok "АВАНТЮРИСТ.BY”,
Паводле рашэння гарадскога суда Наваполацка экстрэмісцкімі прызнаны групы BELARUS POST USSR & WORLD і "Таварыства беларускай мовы iмя Ф.Скарыны. ЛIДА" у Facebook.
Суд Полацкага раёна і г.Полацка палічыў “экстрэмісцкай” старонку ў Facebook палітэмігранткі Алены Лагавой.
Суд Шаркоўшчынскага раёна пацвердзіў “экстрэмісцкі” змест старонкі "ВКонтакте" гомельскага актывіста Барыса Анікеева.
Максім Вераб'ёў