Пятніца, 27 Снежань 2024

Віцебскага лекара, збітага сілавікамі, асудзілі да чатырох гадоў калоніі пасля размоваў з правакатарам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле прэсавай службы Віцебскага абласнога суда, Аляксандр Рандарэнка прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці і варожасці (па ч.1 арт.130 КК, ) а таксама ў наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму (па ч.1 арт.130-1 КК). Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання прызначаных пакаранняў ён асуджаны да пазбаўлення волі на 4 гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Таксама прыменена спецыяльная канфіскацыя мабільнага тэлефона "Apple iPhone 12 Pro", як сродка ўчынення злачынства, паведаміла прэсавая служба абласнога суда.

Прысуд Аляксандру Рандарэнку, вынесены 23 снежня, не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Паводле афіцыйнай інфармацыі з абласной пракуратуры, 38-гадоваму віцебскаму лекару «інкрымінавана 19 эпізодаў наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай і сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай расавай, нацыянальнай і сацыяльнай прыналежнасці, а таксама наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму». Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны на працягу амаль двух гадоў размяшчаў у вольным доступе пісьмовыя тэксты ўказанага зместу з выкарыстаннем уліковага запісу ў мэсэнджэры Telegram. У прыватнасці, даваў у іх станоўчую адзнаку рашэнняў і дзеянняў Адольфа Гітлера».

Пад увагу сілавікоў Аляксандр Рандарэнка трапіў пасля таго, як яго з сябрам «развялі на шчырасць» у відэа-чаце «Размовы з Палычам». Сёлета ў красавіку Аляксандр Рандарэнка і яго сябар Дзяніс Саўчанка былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за «прапаганду нацызму» (ч. 1 арт. 19.10 КоАП). У судзе Рандарэнка казаў, што падчас распівання спіртовых напояў, у стрыме з незнаёмым выказаў лозунг грамадска-палітычнага характару, пры гэтым прадэманстраваў вымпел з выявай сцяга Украіны жоўта-сіняга колеру.

Імя Дзяніса Саўчанкі больш у раскладах віцебскіх судоў не згадвалася. А вось Аляксандра Рандарэнку у судзе Першамайскага раёна Віцебска па адміністрацыйных справах з красавіка па чэрвень судзілі мінімум 5 разоў.

6 снежня блізкі да сілавікоў Тэлеграм-канал «Северная столица» напісаў, што "начался суд над врачом-нацистом", хаця на той момант афіцыйных звестак пра пачатак працэсу яшчэ не было. Таксама ў Тэлеграм-канале былі прадэманстраваны аператыўныя фотаздымкі, па якіх відаць, што падчас затрымання сёлета ў красавіку Аляксандра Рандарэнку моцна збілі.

Алег Бондараў