Панядзелак, 16 Снежань 2024

Віцебская абласная пракуратура распавяла, за што будуць судзіць «лекара-нацыста» Аляксандра Рандарэнку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

17 снежня ў Віцебскім абласным судзе пачынаецца разгляд яго справы, распачатай паводле ч.1 арт.130 - 1 (рэабілітацыя нацызма) арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай варожасці ці варажнечы). Пад увагу сілавікоў Аляксандр Рандарэнка трапіў пасля таго, як яго з сябрам «развялі на шчырасць» у відэа-чаце «Размовы з Палычам».

Паводле афіцыйнай інфамацыі з абласной пракуратуры, 38-гадоваму віцебскаму лекару «інкрымінавана 19 эпізодаў наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай і сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай расавай, нацыянальнай і сацыяльнай прыналежнасці, а таксама наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму. Паводле матэрыялаў справы абвінавачаны на працягу амаль двух гадоў размяшчаў у вольным доступе пісьмовыя тэксты ўказанага зместу з выкарыстаннем уліковага запісу ў мэсэнджэры Telegram».

«Ён жа з 11 верасня 2022 года па 28 чэрвеня 2023 года з выкарыстаннем уліковага запісу ў Telegram размясціў для публічнага прагляду іншымі карыстальнікамі сеткі Інтэрнэт у агульнадаступных групах каментарыі, накіраваныя на рэабілітацыю нацызму. У прыватнасці, даваў у іх станоўчую адзнаку рашэнняў і дзеянняў Адольфа Гітлера», распавядае пракуратура.

Сёлета ў красавіку Аляксандр Рандарэнка і яго сябра Дзяніс Саўчанка былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за «прапаганду нацызму» (ч. 1 арт. 19.10 КоАП). У судзе Рандарэнка казаў, што падчас распівання спіртовых напояў, у стрыме з незнаёмым выказаў лозунг грамадска-палітычнага характару, пры гэтым прадэманстраваў вымпел з выявай сцяга Украіны жоўта-сіняга колеру.

Імя Дзяніса Саўчанкі больш у раскладах віцебскіх судоў не згадвалася. А вось Аляксандра Рандарэнку у судзе Першамайскага раёна Віцебска па адміністрацыйных справах судзілі мінімум 5 разоў:

12 красавіка па ч. 1 арт. 19.10 КаАП;

15 красавіка па ч. 1 арт. 24.23 КаАП;

25 красавіка па ч. 1 ст. 19.10 і арт. 24.3 КаАП;

22 траўня па ч. 1 арт. 24.23 КаАП;

13 чэрвеня па ч. 1 арт. 24.23 КаАП.

6 снежня блізкі да сілавікоў Тэлеграм-канал «Северная столица» напісаў, што "начался суд над врачом-нацистом", хаця на той момант афіцыйных звестак пра пачатак працэсу яшчэ не было.  Таксама ў Тэлеграм-канале былі прадэманстраваны аператыўныя фотаздымкі, па якіх відаць, што падчас затрымання Аляксандра Рандарэнку моцна збілі.

Алег Бондараў

 

Яшчэ ў гэтым разьдзеле: « Судовы канвеер у Оршы