Цяпер у «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з’явіліся згадкі пра ўсю сетку самвыдатаўскіх друкаваных выданняў і тэлеграм-каналаў, якія распаўсюджвалі незаангажаваную інфармацыю пра жыццё ў асобных рэгіёнах Беларусі. Сярод іх «Витебский вестник» і тэлеграм-канал з такой самай назвай.
Экстрэмісцкае фарміраванне на сайце МУС названа «групай грамадзян «Вестники», аб’яднанай у тым ліку праз рэсурсы мэсэнджара «Telegram», сацыяльных сетак «Instagram», «Twitter», і друкаваных выданняў».
Самвыдатаўскі дайджэст «Витебский вестник», як і падобныя СМІ ў іншых рэгіёнах, з’явіўся ў верасні 2020 года. Ён выдаваўся па-расейску, а дызайн быў свядома зроблены такім чынам, каб падкрэсліць вонкавае падабенства з мясцовым дзяржаўным друкам – ён нагадваў дызайн першай старонкі дзяржаўнай абласной газеты «Витебские вести».
Распаўсюднікамі гэтых газет былі мясцовыя валанцёры, якіх часта затрымлівалі і каралі штрафамі. У сакавіку 2022-га ўсе лакальныя пратэстныя СМІ абʼядналася ў адну газету -- «Беларускі веснік».
Жанна Жалейка