Чаму ўсе гэтыя дзеянні адбываліся не ў Верхнядзвінску, спадарыня Валянціна не ведае. Магчыма, праз тое, што ў родным горадзе яе добра ведаюць: Валянціна Болбат займалася аздараўленнем дзяцей, ладзіла культурніцкія імпрэзы, праводзіла талокі па добраўпарадкаванню прыдамавых тэрыторый, удзельнічала ў працы жаночых суполак і г.д.
Паводле паведамлення, якое Валянціна Болбат пакінула на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, на яе склалі 4 адміністрацыйныя пратаколы. Усе паводле арт. 19.11 за рэпосты «ВКонтакте», але гэтыя звесткі «падзялілі», каб «хапіла» на некалькі судоў. Прычым частка рэпостаў было зроблена 10-15 гадоў таму, калі крыніцы матэрыялаў яшчэ не былі абвешчаны «экстрэмісцкімі».
Першы суд над актывісткай адбыўся 25 лістапада па 2-х адміністрацыйных пратаколах. Суддзя Наваполацкага гарадскога суду Зінаіда Балаболава асудзіла жанчыну на 10 сутак арышту. Яшчэ адзін пратакол разбіралі 30 лістапада. Тая самая суддзя Балаболава прысудзіла спадарыні Валянціне яшчэ 10 сутак арышту.
«Суткі» актывістка адбывала ў Наваполацкім ЦІПе. У першы ж вечар ёй выклікалі хуткую дапамогу, бо ў актывісткі ўжо не маладога веку падняўся высокі ціск. З тае ёй пачалі даваць сродкі ад ціску, але праблемы гэта не вырашыла – хуткую выклікалі яшчэ некалькі разоў. Урэшце ёй далі «пасцельны рэжым» – дазволілі не прыбіраць пасцель у дзённы час, каб была магчымасць паляжаць. На апошнім судзе 5 снежня суддзя Балаболава пастанавіла даць жанчыне ўжо не «суткі», а штраф памерам 20 базавых велічынь.
З улікам кепскага стану здароўя Валянціну Болбат адпусцілі на волю на трое сутак раней, не 12, а 9 снежня. Пазней яна мае адбыць гэтыя трое сутак арышту, а таксама яе абавязалі з’явіцца ў Наваполацкі гарадскі аддзел міліцыі 19 снежня на чарговы допыт. І папярэдзілі, што 20 снежня хутчэй за ўсё адбудзецца новы суд.
Лявон Каляда