На разгляд скаргаў у Віцебскі абласны суд ніхто з удзельнікаў не з'явіўся, таму разбор прайшоў вельмі хутка. Скаргі разбірала суддзя Святлана Іванова.
Вадзім Міхайлаў 6 верасня судом гораду Наваполацку быў «прызнаны вінаватым у тым, што ў неўстаноўлены перыяд часу з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў масавае мерапрыемства – пікетаванне – шляхам размяшчэння на багажніку свайго аўто герба Пагоня – для дэманстрацыі грамадзянам, і не зрабіў захадаў, каб яго зняць». Пагоню на машыне Міхайлава знайшлі, па словах суддзі, 3 верасня, на аўтастаянцы. Наваполацкага актывіста ў выніку аштрафавалі на 100 базавых велічынь.
З такім рашэннем суду не пагадзілася адвакатка Алена Герман, якая бараніла інтарэсы Міхайлава, а таксама наваполацкі пракурор, прозвішча якога суддзя не агучыла.
Адвакатка ў сваёй скарзе спаслалася «на неабгрунтаванасць прыцягнення да адказнасці падабароннага, бо ў ягоных дзеяннях адсутнічаў намер на правядзення масавага мерапрыемства». А таксама ўказала на тое, што суд не ўлічыў шэраг змякчальных абставінаў і прызначыў максімальна вялікі штраф.
Пракурор жа ў пратэсце паставіў пытанне аб адмене пастановы, «паколькі суд не ўлічыў, што правапарушэнне мела працяглы характар». Таму прасіў пастанову адмяніць і накіраваць справу на новы разгляд».
Суддзя Іванова падтрымала пратэст пракурора і адправіла справу на новы разгляд.
Юлію Маліноўскую суд Наваполацку аштрафаваў 13 верасня на 30 базавых велічынь. Яна была «прызнаная вінаватай у тым, што, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы 24 сакавіка 2021 году ў інтэрнэце на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» распаўсюдзіла інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, што было выяўлена 10 верасня». Пад экстрэмісцкімі матэрыяламі разумеўся кантэнт тэлеканалу «Белсат».
Адвакатка Герман сцвярджала ў скарзе што «пастанова падлягае адмене з прычыны таго, што абвінавачанні Маліноўскай будуюцца на здагадках: згаданую інфармацыйную прадукцыю яна не распаўсюджвала, а віна яе не даказаная». Таксама звярнула ўвагу на тое, што «Маліноўская не выключае той факт, што ў сакавіку 2021 году сапраўды магла размясціць ролік «Белсату» на сваёй старонцы, бо на той момант гэтая інфармацыйная крыніца не была яшчэ прызнаная «экстрэмісцкай». Прасіла адмяніць пастанову, а справаводства спыніць.
Суддзя Святлана Іванова пастанавіла пакінуць скаргу без задавальнення.
Уладзімір Бяляўскі