Каб разабраць справу, спатрэбіліся два паседжанні. 5 кастрычніка суддзя Андрэй Дзергачоў адправіў справу на дапрацоўванне. Ірына Гражэўская хадайнічала аб выкліку сведкі з яе боку і дамаглася гэтага. Сведка станоўча характарызаваў абвінавачаную – як заслужанага педагога па вакале, якая аддана працуе з дзецьмі ў полацкім Цэнтры культуры.
У сваёй прамове на судзе 5 кастрычніка Ірына Гражэўская даводзіла безгрунтоўнасць выкарыстання ў якасці доказаў скрыншотаў з яе старонкі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Скрыншоты былі зробленыя з тэлефона супрацоўніцай МУС Тамашэвіч, якую, таксама па хадайніцтве Ірыны, выклікалі ў суд, каб апытаць. Гражэўская даказала, што яе рэпост быў выдалены са старонкі ВК пасля ўнясення крыніц інфармацыі ў так званы спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У выніку суддзя быў вымушаны адправіць справу на дапрацоўванне.
Участковы інспектар Полацкага РАУС старшы лейтэнант міліцыі Віктар Кураш вельмі аператыўна «дапрацаваў» пратаколы і папрасіў Ірыну Гражэўскую «зайсці ў суд» у пятніцу 8 кастрычніка для размовы з суддзём. Як аказалася, на гэты дзень і было прызначанае новае судовае паседжанне. Яно доўжылася 30 хвілін, суддзя Дзергачоў прызнаў жанчыну вінаватай і вынес пастанову аб адміністрацыйным арышце Ірыны на 15 сутак.
Падчас працэсу
Прысутныя на судзе сябры Ірыны Гражэўскай былі вельмі абураныя такой пастановай.
Па просьбе Ірыны Гражэўскай, яны апублікавалі паведамленне для тых карыстальнікаў, хто чытае Ірыну ў сацсетках.
«Шаноўныя сябры! Гэтыя словы пішу не я, бо зараз я знаходжуся пад арыштам у ІЧУ Полацкага РАУС. Учора працягнуўся той суд, пра які я пісала раней. І ўчора была пастаўленая тлустая кропка. Суддзя не ўзяў да ўвагі ані шматлікія парушэнні ў рапартах і пратаколах, ані хадайніцтвы бацькоў маіх выхаванцаў, не хвалюе яго і тое, што дзеці нашай вакальнай студыі, пазбаўленыя магчымасці развіваць свае здольнасці, панясуць інтэлектуальныя і маральныя страты…» – гаворыцца ў паведамленні.
Ірына Гражэўская адзначае, што пачаткова суд быў прызначаны на аўторак, але, калі ўчастковы Кураш даведаўся, што 8 кастрычніка Ірына адзначае сваё прафесійнае свята – Дзень працаўніка культуры, адразу паведаміў пра выклік у суд, нібыта «на размову». Суд тэрмінова перанеслі на пятніцу: напэўна, каб ніхто на яго не трапіў і каб жанчына не паспела падрыхтавацца.
А можа, проста хацелі зрабіць ёй незабыўны «падаруначак» на свята. Але прыйшлі ўсе, і падрыхтавацца Ірына паспела.
Аляксандр Марозаў