Пятніца, 03 Кастрычнік 2025

Яшчэ трох жыхароў Віцебшчыны запісалі ў «экстрэмісты»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

3 кастрычніка на сайце МУС абнавілі пералік асобаў «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. У яго трапілі 70-гадовы Аляксандр Якушкоў (на фота) , былы вайсковец з Віцебска, 33 гадовы віцяблянін Павел Міхайлаў    і 24-гадовы Мікіта Васільеў з Полаччыны.

Віцяблянін Аляксандр Якушкоў быў асуджаны да двух гадоў зняволення за "удзел у экстрэмісцкім фармаванні" - паводле ч. 3 арт. 361-1 КК РБ.  Яго затрымалі 9 верасня 2024г. Адразу па затрыманні мужчыну  адвезлі ў Мінск і ўтрымлівалі ў тамтэйшым СІЗА-1.  

21 кастрычніка 2024 г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным зняволеным. Прысуд Якушкову быў вынесены 12 чэрвеня 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе. Сёлета- ужо ў зняволенні- Аляксандру Якушкову споўнілася 70 гадоў.

Аляксандр Якушкоў – былы партыец “Народнай грамады”, вайсковы пенсіянер, падпалкоўнік запасу, які служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня і працаваў выкладчыкам вайсковай вучэльні. Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020г. ён быў двойчы затрыманы  затрыманы і асуджаны за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Апрача Аляксандра Якушкова, 3 кастрычніка ў «экстрэмісцкі» пералік МУС  уключылі 33-гадовага Паўла Міхайлава з Віцебска і 24-гадовага Мікіту Васільева з аграгарадка Блізніца Полацкага раёна.  Абодвух Віцебскі абласны суд прызнаў вінаватымі паводле арт. 361-4 КК РБ. Абодва, падобна, асуджаны да “хатняй хіміі” ( на сайце МУС пазначана “судзімасць не пагашана”).

Марыя Чаплінская