Рашэнне па справе былой студэнткі трэцяга курсу «худграфу» ВДУ імя Машэрава прыняла суддзя Сняжана Кіндзеева.
Крымінальная справа паводле арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» была заведзеная на студэнтку мастацка-графічнага факультэту ВДУ Юлію Алейнік за тое, што 30 траўня 2021 году яна нанесла кароткі надпіс «БЧБ Жыве» на каналізацыйным калектары, размешчаным паміж вуліцай Праўды і праспектам Фрунзе ў Віцебску. На першым судовым паседжанні прадстаўніца «Віцебскводаканалу» заявіла, што шкода ад яе дзеянняў склала 28 рублёў 17 капеек. Гэтую суму дзяўчына ўжо кампенсавала прадпрыемству.
Дзяўчына прызнала сваю віну.
На працэсе ў Юліі Алейнік спыталі, чаму яна напісала слова «Жыве», а не, прыкладам, «Жыве Беларусь!». Дзяўчына адказала, што ёй проста не хапіла часу і фарбы. Таксама заявіла, што зрабіла гэта, каб падтрымаць людзей, якія пішуць такія ж надпісы ў гэтым месцы, але іх рэгулярна зафарбоўваюць.
Гэтак калектар выглядае зараз
Пракурор Лазарэнка запатрабаваў для Юліі Алейнік прызначыць штраф у памеры 100 базавых велічынь. У выніку суддзя вырашыў зменшыць суму на 10 базавых і прызначыць штраф у памеры 90 базавых велічынь.
Пасля суду Юлія сказала, што такая сума для яе «непад'ёмная» – яна не ведае, дзе знайсці столькі грошай.
Нагадаем, што пасля завядзення крымінальнай справы Юлію Алейнік адлічылі з Віцебскага дзяржуніверсітэту імя Машэрава і выселілі з інтэрнату. Зараз дзяўчына арандуе жыллё. Да паступлення ў ВДУ Юлія жыла ў Вушацкім раёне разам з бабуляй і дзядулем. Прызнаецца, што паступала ва ўніверсітэт, каб «вучыць дзяцей». Але цяпер кажа, што наўрад ці ёй дазволяць стаць педагогам.
Калі жадаеце дапамагчы Юліі Алейнік з выплатай штрафу, звяжыцеся, калі ласка, з намі - падзелімся яе кантактам.
Уладзімір Бяляўскі