Што хочуць бачыць улады
Як вынікае з Палажэння пра конкурс, распрацаванага райвыканкамам, яго ўдзельнікамі могуць быць скульптары, архітэктары і нават кавалі, - але каб абавязкова мелі прафесійную адукацыю. Прэтэндэнты павінны стварыць памятны знак у “найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва”. А дакладней, "у выглядзе гранітнага пастамента", і каб на ім абавязкова былі дата “26.04.1986”, слова "Чарнобыль", знак "Радыяцыя" і нейкі "элемент з чырвонага граніту, які паказвае агонь".
Сам знак будзе вельмі сціплым: па мовах конкурсу, - да 250 см у вышыню
Меркаваннем грамадскасці наконт знешняга выгляду новага гарадскога аб'екта ўлады не пацікавіліся - ніякіх абмеркаванняў не было. Вынікі конкурсу таксама таксама будуць падводзіцца без удзелу гараджан – на закрытым пасяджэнні райвыканкама 11 лістапада.
“Ліквідатар” ці “пажарны”
Яшчэ адзін абавязковы элемент, прапісаны ў Палажэнні, - гэта выява пажарнага, якую трэба размясціць на памятным знаку. Важна, што і знак усталяваць хочуць "у скверы на месцы перасячэння вуліц Мінская і Уладзіміра Леніна" паблізу ад пажарнай часткі (на схеме).
Але хіба выключна супрацоўнікі МНС былі ліквідатарамі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі? Тыя факты, што на ліквідацыю наступстваў аварыі накіроўвалі вайскоўцаў, дактароў і іншых спецыялістаў, памятны знак адлюстроўваць не будзе.
Колькі ліквідатараў зараз жыве на Аршаншчыне, ніхто не лічыў
У дадатках да Палажэння пра конкурс Аршанскі райвыканкам прызнаецца, што дакладных звестак пра колькасць тых, хто браў удзел у ліквідацыі наступстваў тэхнагеннай катастрфы, улады не маюць. Вядома хіба тое, што на сёння 197 жыхароў раёна атрымліваюць надбаўку да пенсіі, прызначаную за ўдзел у тагачасных падзеях. І што ад раённага аддзела МЧС на ліквідацыю былі накіраваны 12 чалавек, а з раённай структуры МУС – 16 чалавек.
Гэта да пытання, чаму менавіта “пажарнага” дадзена заданне адлюстраваць на памятным знаку, і чаму месца для мемарыяльнага сімвала абрана каля пажарнай часткі.
Што наконт фінансаў?
Ідэя ўшанаваць памяць ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС ужо не новая: яе дзясяткі разоў агучвалі грамадскія актывісты і ў Оршы, і ў абласным Віцебску. Дзе, дарэчы, ніякага падобнага памятнага знака няма ні зараз, ні ў перспектыве.
Сёлета прапанова стварыць мемарыяльны знак была нечакана падтрымана Віцебскім аблвыканкамам: яна перамагла ў конкурсе праектаў грамадскіх ініцыятыў. Тады паведамлялася, што вырабіць памятны знак павінна камунальнае прадпрыемства “Оршанская спецавтобаза”, якое і атрымае на гэта фінансаванне: 18 тысяч рублёў з абласнога бюджэту і яшчэ 18 - з рэспубліканскага. Ініцыятары, па ўмовах конкурсу, ад сябе мусяць дадаць 4 тысячы рублёў. Такім чынам, 40 тысяч рублёў – гэта агульная сума на мемарыяльны знак героям-сучаснікам, якія коштам жыцця і здароўя займаліся небяспечнай працай...
Хіба нагадаць, што кошт новай плошчы дзяржаўных сімвалаў з флагштокам абышоўся аршанскаму бюджэту больш чым у 2 мільёны 60 рублёў.
Аляксандр Папоў
Серада, 08 Кастрычнік 2025
У Оршы аб'явілі конкурс на стварэнне праекта памятнага знака ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Але ёсць пытанні!
На тое, каб падаць заяўку, у ахвотных узяць удзел у конкурсе ёсць усяго два з паловай тыдні. А вось пажаданняў да аўтараў ад мясцовых уладаў – цэлы спіс. Ёсць і пытанне з фінансаваннем, бо пакуль аршанцам агучылі вельмі невялікую суму за гэты памятны знак – усяго 35 тысяч рублёў. І яшчэ адно пытанне: гэта будзе помнік ліквідатару ці працаўніку пажарнай службы. Разбіраемся ў дэталях.
Апублікавана ў
Дзяржава