Актывісты і сябры ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Віцебску Юлія Барсукова, Аляксандар Мацяюк, Аляксей Саламаненка, Тацяна Севярынец, Тацяна Філімонава і Алег Паўлаў, а таксама наваполацкая актывістка Алена Радзькова даводзілі ў скаргах, што былі пакараныя штрафамі несправядліва, бо заканадаўства аб масавых мерапрыемствах не парушалі – бралі ўдзел у цалкам законных пікетаваньнях для збору подпісаў.
У сувязі з гэтым прасілі скасаваць іх адміністрацыйныя справы.
Судзьдзя Ірына Смалякова ў хуткасным рэжыме разгледзела скаргі Юліі Барсуковай, Алены Радзьковай і Тацяны Філімонавай. Пастановы райсудоў пакінула бязь зьменаў, а скаргі – без задавальненьня.
Судзьдзя Сьвятлана Іванова, у сваю чаргу, не задаволіла скаргі Аляксандра Мацеюка, Аляксея Саламаненкі і Алега Паўлава. Між тым, выслухаўшы довады актывісткі Тацяны Севярынец, пастанавіла «скасьціць» ёй штраф амаль напалову: з 35-ці да 20-ці базавых велічынь.
Актывістка БХД і давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай у Віцебскай вобласьці Тацяна Севярынец была аштрафаваная 1 ліпеня судом Першамайскага раёну за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» на 35 б.в. У абласным судзе яна заявіла, што «была б радая ўзяць у той дзень удзел у «ланцугу», але ж не пасьпела».
Новая тэндэнцыя: напярэдадні выбараў віцебскія судзьдзі (і ня толькі ў абласным судзе) пачалі задавальняць хадайніцтвы ўдзельнікаў працэсу аб вядзеньні відэаздымкаў падчас паседжаньня.
Запіс «стрыму» з судовых паседжаньняў 29 ліпеня можна паглядзець на канале «Настоящая Беларусь».
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!